Менчукі бароняць парк, на які наступаюць улады


Зноў кіпяць жарсці вакол будаўніцтва ў цэнтры сталіцы. Гэтым разам пад пагрозай апынулася тэрыторыя парка Дружбы народаў. Гараджане маюць рашучы настрой для абароны зялёнай выспы.

Сталічныя жыхары мікрараёну каля плошчы Бангалор занепакоеныя планамі ўладаў так званага азелянення парка Дружбы народаў. Парку пагражае вырубка дрэваў і будаўніцтва фізкультурна-аздараўляльнага комплексу.

На сходзе прадстаўнікоў «Мінскграда» і адміністрацыі Савецкага раёну з жыхарамі гораду чыноўнікі паведамілі, што замест вялікай паркоўкі на ўскрайку парка запланаванае будаўніцтва фізкультурнага комплексу. Электрападстанцыю таксама будуць пераносіць і дзеля гэтага спатрэбіцца спілаваць дрэвы. Людзі выказаліся супраць.

«Мы ўвесь час нейкія подпісы ставім. Бясконца, ужо шмат гадоў у нас ідзе наступ на гэты парк. І мы спрабуем яго адваяваць. То яны нейкія каруселі хацелі там рабіць і абнесці іх плотам. Мы абураліся, бо, калі плот паставяць, то туды будзем хадзіць за грошы», – кажа жыхарка мікрараёну Вольга Шаклюкевіч.

Сход прызначылі ў апошні дзень, калі можна было прэзентаваць праект дэталёвай планіроўкі. Але чыноўнікі наагул адмовіліся ад гэтай ідэі, што, дарэчы, не з’яўляецца парушэннем заканадаўства.

Чыноўнікі запэўнівалі прысутных, што заўвагі будуць прынятыя і без узгаднення ніякага будаўніцтва не будзе. Але людзі выказвалі недавер. Яшчэ не забыліся, як ім абяцалі, што ў парку пабудуюць маленькую дзіцячую кавярню, а на практыцы пабудавалі вялікую піўную рэстарацыю «Друзья».

«Толькі, калі з’явіцца дакумент, тады спыніцца гэтая сітуацыя, якая атрымалася з рэстарацыяй «Друзья», калі пры адсутнасці горадабудаўнічай дакументацыі быў пабудаваны аб’ект», – заўважае Антон Цімафееў з «Мінскграда».

Раней на месцы парка Дружбы народаў было балота. Некалькі гадоў запар яго асушалі. Потым некалькі гадоў спрабавалі разбіць на гэтым месцы парк, але саджанцы не прыжываліся. Толькі напрыканцы 1980-х сітуацыя змянілася і парк стаў любімым месцам адпачынку гараджанаў.

На сходзе людзі казалі, што парк знаходзіцца ў цэнтры і ім зразумела, што шмат ахвотных пабудаваць на яго месцы будынкі. Але парк трэба захаваць у цяперашнім выглядзе. Прыводзілі прыклад краінаў Еўропы, дзе шануюць паркі са старымі дрэвамі і газонамі. Нягледзячы на ўсе пратэсты, чыноўнікі заявілі, што пытанне аб пераносе электрападстанцыі вырашанае. Але людзей непакоіць: ці спыняцца толькі на гэтым?

Люоў Лунёва, belsat.eu