Менчукі абурыліся, што Лукашэнка ўзяў Колю ў Кітай


На форум міжнароднай супрацы «Адзін пояс – адзін шлях» кіраўнік нашай краіны прыляцеў не адзін – з малодшым сынам. «Золатавалосы прынц» – гэтак называюць у Кітаі Колю, які ўжо не першы раз наведвае гэтую дзяржаву.

Зусім маленькім хлопчыкам Коля пабываў на пекінскай Алімпіядзе, а ў 2015 годзе – на святочным парадзе. Сёлета старшыня КНР Сі Цзінь Пін не хаваў здзіўлення ад таго, як вырас малодшы Лукашэнка.

У Паднябесную Коля прыехаў не з пустымі рукамі

Падарыў жонцы старшыні КНР куфэрачак. І, як дарослыя, на вечаровым банкеце не з пустымі рукамі слухаў тост Сі Цзінь Піна.

Відавочна, замест таго, каб быць у школе, 12-гадоваму Колю прыемней бавіць час на ўрачыстым прыёме.

Менчукі крытыкуюць Лукашэнку

«У яго пасада такая ў Колькі – сын прэзідэнта».

«Гэта ненармальна, што ён ездзіць з Аляксандрам Рыгоравічам па розных краінах і прапускае школу.

»Праблем з адукацыяй у яго не будзе, не патрэбная яму адукацыя«.

«Калі маё дзіця прапускае школу, патрабуюць даведку. »Чаму ў іх нічога не патрабуюць? Крыўдна!»

– абураюцца менчукі

У рэальнасці не толькі б патрабавалі даведкі, але і куды горшыя наступствы чакалі б у такой сітуацыі сем’і апазіцыянераў, перакананы лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

«Калі б нешта такое адбылося б адкрылі б цэлую працэдуру, каб бацькоў пазбавіць бацькоўскіх правоў. Ужо была ні адна сітуацыя, калі да апазіцыянераў прыходзілі з нагоды таго, што пабачылі ці затрымалі на нейкай акцыі, ці нейкі кантроль з боку сацыяльных службаў», – упэўнены Анатоль Лябедзька.

Беспакараны кіраўнік

Ні кантролю, ні пакарання, ні нават заўвагі ніколі не меў ад праваахоўнікаў за свае правапарушэнні і сам кіраўнік краіны, а такіх назапасілася багата. Напрыклад, калі Аляксандр Лукашэнка ехаў на аўце не прышпіліўшыся пасам бяспекі.

На будоўлі кіраўнік Беларусі ходзіць без каскі, не дэкларуе дарагіх падарункаў.

Бацькі – узор для дзяцей, а таму Мікалай Лукашэнка мае ўсе шанцы навучыцца не толькі дзяржаўнай дыпламатыі.

За мяжою ж, на саміце, лідар Беларусі традыцыйна прарываў не зрабіў. Ні з кітайскім калегам, ні нават з расейскім не ўдалося правесці сустрэчы. Падчас жа выступу на паседжанні круглага стала Лукашэнка хваліў супольны беларуска-кітайскі праект індустрыйнага парку «Вялікі камень», які беларускі бок называе вытворчасцю заўтрашняга дня, а незалежныя эксперты – учорашняга. Што да манетызацыі візітаў кіраўніка Беларусі ў Кітай, то з кожным з іх мінус гандлёвага сальда для нашай краіны толькі павялічваецца.

Вольга Старасціна, фота: Reuters / Damir Sagolj / Forum