Менчукі абураныя новым будаўніцтвам каля Курапатаў


Бізнес-цэнтр каля нацыянальнага некропалю. Побач з Курапатамі распачалі будаўніцтва пяціпавярховага офіснага цэнтру. Напярэдадні сюды прыехалі працаўнікі, якія пачалі агароджваюць пляцоўку, высякаць дрэвы, рабіць свідравіны, звозіць будаўнічыя матэрыялы.

З жыхарамі мікрараёну «Зялёны луг» ніхто будаўніцтва не ўзгадняў, людзі абураныя і ўжо сабралі некалькі соцень подпісаў супраць новай пабудовы.

«Гэта проста абрыдла. Зямлю прадалі за хабар, гэта адназначна. І калі мы галасавалі, усе былі супраць, ніводзін за, але народ як заўсёды ні пры чым, і яго не слухаюць», – абураецца мясцовы жыхар.

Будуюць дзякуючы хабару?

Прадстаўнікі будаўнічай фірмы заяўляюць, што маюць усе дазволы і прыпыняць будоўлю не збіраюцца. На месца ж прыехалі сябры кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, якія спрабавалі высветліць акалічнасці справы.

Заказчык: фірма «Кіпррэканстукцыя», знаходзіцца на Ваўпшасава 22, пакой 22. Даў дазвол на гэта Менгарвыканкам ад 20.01.2017.

«Тут цэлая карупцыйная схема задзейнічаная, бо мы разумеем, што проста так гэта месца не могуць выдзеліць», – упэўнены Алесь Чахольскі з ХКП-БНФ.

Намеснік старшыня КХП-БНФ Сяргей Папкоў патэлефанаваў у Міністэрства Культуры, спытаўся, ці ўзгаднялася будаўніцтва з Міністэрствам Культуры. Адказ быў, што не ўзгаднялася.

Сябры КХП-БНФ зазначаюць, што будаўніцтва офіснага цэнтру – гэта чарговы наступ уладаў на народны мемарыял. Палітыкі заклікаюць людзей бараніць Курапаты і спыніць будаўніцтва. Яны запрашаюць усіх неабыякавых прыехаць на будаўнічую пляцоўку ўжо заўтра.

«Белсат»