Менчукам не спадабалася п’янка пракурораў на працы


«Пракуроры, якія страцілі пільнасць» – гэтак называецца відэаролік. На ім бачна, як людзі, імаверна, пракуроры, ужываюць алкагольныя напоі. А адбываецца гэта ўсё, паводле аўтара роліку, у службовай «Волзе».

Відэа, аўтар якога блогер Васіль Целагрэйкін, хутка набрала папулярнасць у сеціве. Яго запісалі яшчэ летась у чэрвені – акурат на 95-годдзе беларускай пракуратуры. Апублікавалі цяпер.

«Што датычыць канкрэтна гэтых пракурораў, я не лічу, што тут штосьці незвычайнае адбылося. Усе не без граху. Але ж мы памятаем правілы: вінаваты не той, хто зрабіў, а той, хто папаўся. Таму ім проста не пашанцавала», – мяркуе Целагрэйкін.

Блогер: публікацыя дае пасыл іншым пракурорам

Яны, на ягоную думку, не надта адказна выконваюць сваю працу. Паводле яго, пракуроры мусяць быць бліжэйшыя да людзей. Тады і людзі, маўляў, не будуць цікавіцца іхным закулісным жыццём. «Белсат» жа паспрабаваў даведацца пра лёс няпільных пракурораў. Што праўда, зрабіць гэта аказалася няпроста. Звязацца з адказнымі асобамі даволі праблематычна. Не далі нам адказу і ў Пракуратуры гораду Менску.

А можа і няма чаго пытаць?

Можа і няма нічога, як кажуць, крымінальнага ў дзеяннях працаўнікоў пракуратуры? Выяўляецца, ёсць.

«Хачу сказаць як былы пракурорскі працаўнік: пракуроры парушылі шэраг заканадаўчых актаў. Першы – гэта дэкрэт № 29 – аб распіцці спіртных напояў на працоўным месцы, працоўны кодэкс парушылі, а таксама адміністрацыйны кодэкс парушылі. Кодэкс гонару пракурорскага працаўніка. Тут яшчэ і гэты яны парушылі», – тлумачыць былы следчы Алег Волчак.

Алег Волчак сумняецца, што пракурораў пакараюць, пагатоў паказальна.

«Дзеля таго, каб даказаць, што яны былі ў нецвярозым стане, трэба прайсці медычны агляд. Натуральна, што яны будуць абараняцца так, што мы, маўляў, пілі кампот, скажуць, што ў бутэльцы была мінералка і ім кепска стала», – дадае Волчак.

Непрыстойнымі паводзіны пракурораў назвала большасць апытаных мінакоў

«На іх жа ўсе глядзяць – на каго раўняцца, калі не на працаўнікоў пракуратуры?».

«У людзей жыццё ўдалося. Могуць сабе дазволіць».

«Таму што беспакаранасць ідзе. Я бачыў і міліцыю ў форме – сядзіць і выпівае, літаральна тут – у машыне».

«Беспакаранасць, яны ведаюць, што ў іх усё схоплена, беспакарана».

– абурыліся жыхары Менску.

Але галоўны міліцыянт краіны Ігар Шуневіч публікацыю ў медыях такіх выпадкаў называе інфармацыйнаю вайною супраць МУС і ўвогуле стараецца не каментаваць.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»