«Маяк Менску»: падманутых пакупнікоў спрабуюць запалохаць


Жыхары сумнавядомага сталічнага жылога комплексу «Маяк Менску», якія змагаюцца супраць парушэнняў з боку забудоўніка, атрымалі завочныя адміністратыўныя пратаколы з міліцэйскага ўпраўлення Першамайскага раёну. Іх абвінавачваюць у незаконным мітынгу ў дзень, калі ў Беларусь прыязджаў прэмʼер-міністр Сербіі. Самыя актыўныя ўладальнікі кватэраў «Маяка» лічаць, што іх спрабуюць запалохаць.

Ці можна давяраць беларускай міліцыі?

Жыхары комплексу «Маяк Менску» ў шчырасць і прыстойнасць уладаў вераць усё менш.

Паўмесяца таму Святлана, Павел і яшчэ некалькі чалавек зладзілі пікет ля гандлёвага цэнтру, які ўрачыста адчынялі прэмʼеры Беларусі ды Сербіі. Міліцыянты – выключна ў цывільнай вопратцы – блакавалі людзей і закрывалі сваймі спінамі плакаты, але пратэст атрымаўся мірным ды адносна спакойным.

«Ніводзін з працаўнікоў праваахоўных органаў не падышоў і не сказаў, што я парушаю закон, і ніводнага папярэджання з іх боку не паступала. І ёсць шмат сведкаў гэтаму», – абураецца Святлана Кудзіна.

«Ідзе запалохванне»

Затое цяпер участковы даслаў пікетоўцам пратаколы са стандартнаю фармулёўкаю «на неаднаразовыя патрабаванні міліцыі спыніць незаконныя дзеянні не рэагаваў, працягваючы парушаць грамадскі парадак».

«На месцы ніякіх пратаколаў не складалі. Гэта ідзе запалохванне, каб прыжучыць некалькі таварышаў, і астатнія будуць маўчаць», – упэўнены Павел Цітоў, жыхар «Маяка Менску».

Паводле ўдзельнікаў пратэсту, такім чынам адміністрацыя Першамайскага раёну хоча спыніць іхную барацьбу за годнае жытло.

«Мы выйшлі на вуліцу толькі таму, што нашыя законныя патрабаванні не даюць ніякага ходу. Ідзе адпіска. Дакументы спускаюцца тым, на каго гэтыя скаргі паступілі», – дадае спадар Цітоў.

Людзей папросту кінулі ў бядзе, забраўшы вялікія грошы

У кватэрах, што каштавалі па $ 2 тыс. за квадратны метр, няма гарачае вады, увесь час псуецца каналізацыя, у сценах – ужываныя правады, а гукаізаляцыя горшая, чымся ў старых інтэрнатах. Уладальнікам навязалі дзяржаўнае жыллёва-камунальнае ўпраўленне, якое толькі перашкаджае выправіць праблемы за кошт забудоўніка.

На ўзроўні праекту «Маяк Менску» рэкламавалі і прадавалі, як элітны жылы комплекс. Аднак людзі, якія заплацілі немалыя грошы за жытло, што мусіла быць элітным, атрымалі кватэры ў каменных джунглях.

Лукашэнка дазволіў падман?

Як прыклад – чарада вышынных будынкаў. Мусіла стаяць 6 дамоў, а пабудавалі 9. Абяцанага падземнага паркінгу няма і не будзе, а пасярод двара раптоўна зʼяўляюцца новыя будынкі.

«Быў праект, які задавальняў жыхароў. Ён быў прадстаўлены, як рэкламны ролік і рэкламныя буклеты. Паводле ўказу прэзідэнта, тут забудоўніку дазволілі змяняць праект у часе будаўніцтва. Таму будаўнічы праект не быў прадстаўлены на экспертызу, а толькі архітэктурны праект», – тлумачыць Аляксандр Савіч, намеснік старшыні аднаго з таварыстваў жыхароў.

«Прыехалі нейкія людзі з Сербіі»

Указ аб выключных умовах для інвестараў Лукашэнка падпісаў для сваіх сербскіх сяброў, братоў Драгаміра і Багалюба Карычаў.

«Зомэкс» – гэта прыехалі нейкія людзі з Сербіі. Невядома, які яны маюць «дах», але сёння ні пракуратура, ні надзор, ніхто нічога не хоча рабіць, каб трошкі палепшыць умовы ў нашым жытле«, – скардзіцца Аляксей Туровіч, яшчэ адзін пакупнік кватэры.

З »Белсатам« ананімна звязаліся таксама і будаўнікі, якія працавалі на абʼектах братоў Карычаў. Яны кажуць, што забудоўнік неаднаразова падманваў і працаўнікоў, не выплачваючы заробку.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»