Маці забітага жаўнера: Яны яго распялі як Ісуса Хрыста


Смерць 21-гадовага Аляксандра Коржыча, якога знайшлі павешаным у вайсковай частцы пад Барысавам, ужо некалькі дзён запар абмяркоўвае ўся краіна. Дэпутаты і палітыкі патрабуюць неадкладна расследаваць прычыны смерці салдата, а актывісты БХД збіраюцца ладзіць пікеты, каб прыцягнуць увагу да праблемы «дзедаўшчыны» ў айчынным войску.

Грамадскія актывісты падалі адпаведную заяўку і ў Барысаўскі райвыканкам

У той жа час петыцыя гомельскіх праваабаронцаў з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова на сайце zvarot.by ужо сабрала каля 10-ці тысяч подпісаў.

«Літаральна сёння міністру абароны трэба падаць у адстаўку. Бо ён альбо не ведаў, што адбываецца ў беларускім войску, то бок некампетэнтны. Альбо ведаў і пакрываў гэта – значыць, мусіць быць прыцягнуты да крымінальнае адказнасці», – мяркуе палітык Віталь Рымашэўскі.

Што кажуць памочнікі Лукашэнкі?

На сітуацыю ж вакол гібелі Аляксандра Коржыча прэс-служба кіраўніка краіны адрэагавала толькі на дзясяты дзень пасля трагічнага здарэння ў Пячах.

«Аляксандру Лукашэнку літаральна некалькі разоў на дзень дакладаецца аб хадзе аператыўных мерапрыемстваў. Паверце, пазіцыя прэзідэнта ў гэтым пытанні настолькі жорсткая, што ніхто з вінаватых ад адказнасці не сыдзе», – запэўніла Наталля Эйсмант.

Сёння следчыя назвалі тры асноўныя версіі смерці

Давядзенне да самагубства праз здзекі, збіццё і вымагальніцтва, забойства праз асабістую непрыязнасць і самагубства ў выніку псіхалагічнай траўмы. Крымінальная справа паводле фактаў дзедаўшчыны заведзеная супраць двух сяржантаў, якіх змясцілі на гаўптвахту.

«Акрамя гэтага, следства даводзіць, што з боку камандзіраў аддзялення ёсць факты злоўжывання ўладаю, якія выяўляліся ў выглядзе прыняцця грашовых сродкаў ад вайскоўцаў тэрміновай службы на нявызначаны час, а таксама тэлефоннымі апаратамі сотавай сувязі», – звярнуў увагу афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Сяргей Кабакевіч.

Крымінальную справу завялі і супраць прапаршчыка

Ён, паводле следства, карыстаўся банкаўскай карткай Аляксандра Коржыча. Сёння Артур Вірбал паведаміў журналістам, што ён на волі, пра самагубства нічога не ведае, а ў дзень, калі Коржыча знайшлі мёртвым, быў у адпачынку.

«Яны яго як Ісуса Хрыста распялі, білі, трымалі ў зачыненай камеры, без святла, без вады, без тэлефонаў, без якой-небудзь сувязі і гадзінніка… Яны мусяць панесці заслужанае пакаранне», – даводзіць Святлана Коржыч, маці забітага жаўнера.

Але ці сапраўды панясуць?

Гэтак, напярэдадні Следчы камітэт спыніў падобную справу паводле факту гібелі 25-гадовага менчука Арцёма Басцюка, якога ў сакавіку знайшлі павешаным у вайсковай частцы пад Барысавым.

Віталь Бабін, «Белсат»