Аб'ектыў 20.07.2018 Маці Паўла Шарамета: Спадзяюся, што даведаюся, хто гэтак ненавідзеў яго і гэтак баяўся


Два гады следства ў справе забойства журналіста Паўла Шарамета не прывялі да вынікаў. Падазраваных, зачэпак і доказаў няма. Пра гучную справу пакрысе забываюць, а самое расследаванне зайшло ў тупік. Аднак ёсць памяць сяброў, родных і калегаў, якія па-ранейшаму прагнуць праўды.

Мінула два гады, як не стала журналіста, грамадзяніна і сына, аднак боль не сціхае ні на хвіліну.

«Я б хацела дажыць, каб даведацца, хто гэта зрабіў. Толькі для таго, каб паглядзець, хто гэтак ненавідзеў яго і гэтак баяўся», – кажа Людміла Шарамет, маці Паўла.

Сёння Паўла Шарамета на ягонай магіле ў Менску ўспамінаюць беларускія калегі.

«Калі мы кажам пра Паўла, мы мусім не забываць і пра «Беларускі партызан» – гэта тое, што ён стварыў для Беларусі. І гэты сайт працуе і да сёння», – нагадвае Андрэй Бастунец, старшыня БАЖ.

«Сіла не ў сіле, сіла ў праўдзе. Менавіта праз гэтую праўду знік Завадскі, а пазней узарвалі і Шарамета», – мяркуе журналіст Аляксандр Тамковіч.

Памятаюць Шарамета і ў Кіеве, дзе сёння яшчэ а 8-й гадзіне раніцы на месцы забойства журналіста пачалі збірацца ягоныя ўкраінскія калегі.

«Трэба проста паказваць, якім ён быў чалавекам і што ён зрабіў. Не толькі для Украіны і Беларусі. Я шмат гадоў паўтараў, што ён, калі б былі вольныя выбары, мог бы стаць першым прэзідэнтам пасля сыходу Лукашэнкі. Ён быў чалавекам, які быў гатовы да гэтага», – упэўнены Дар’юш Багускі з Фонду свабоды і салідарнасці імя Паўла Шарамета.

«Вельмі важна прыходзіць у гэты дзень сюды і нагадваць праваахоўным органам, уладам, што мы помнім пра Шарамета», – кажа журналіст Багдан Хварасцяны.

Аднак праваахоўныя органы па-ранейшаму не спяшаюцца падаваць новыя звесткі аб расследаванні. Ды нават забаранілі публікаваць усе дакументы, якія датычаць гэтай справы. Некалькі месяцаў таму калегі Паўла чарговы раз запатрабавалі ад прэзідэнта Украіны Пятро Парашэнкі ды следчых даць адказ пра хаду следства. Рэакцыі на гэты заклік няма і да сёння.

«Думаю, што калі б было жаданне, гэтую справу можна было б раскрыць. Хоць паліцыя заяўляла, што справа Шарамета ўваходзіць у 5–7 адсоткаў справаў, якія не раскрываюцца. Гэта не задавальняе ні мяне, ні іншых журналістаў», – дадае галоўная рэдактарка «Украінскай праўды» Сеўгіль Мусаева-Баравік.

Пра тое, што следства зайшло ў тупік, у канцы траўня паведаміў і генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка. У падначаленым яму ведамстве кажуць:

«У нас пакуль вельмі мала матэрыялаў, каб зрабіць канкрэтныя высновы. Наколькі я ведаю, застаюцца пытанні з падазраванымі, хто здзейсніў гэтае забойства. Бо сведкі ёсць, матэрыялы фіксацыі ёсць, але людзей, якія гэта зрабілі, не знайшлі. Але пошукавыя аперацыі працягваюцца, мы стала працуем з нашымі калегамі за мяжой, збіраючы на тэрыторыі Украіны ўсе звесткі», – заявіў прэс-сакратар Генпракуратуры Украіны Андрэй Лысенка.

Што ж да дзейнасці Паўла за мяжою, з гэтым узнікаюць цяжкасці, прызнаюцца ў Міністэрстве ўнутраных справаў. Збору доказаў, паводле МУС, перашкаджае расейскае грамадзянства Шарамета: праваахоўнікам цяжка весці следчыя дзеянні на тэрыторыі краіны-агрэсара.

«Не толькі грамадзянства, але часткова паездкі Шарамета ў Расею, апошнія актыўныя кантакты на тэрыторыі Расеі, якія не магчыма адсачыць следчым шляхам», – кажа Арцём Шаўчэнка, кіраўнік дэпартаменту камунікацыі МУС Украіны.

Следства, як і два гады таму, разглядае пяць асноўных версіяў гэтага забойства: прафесійная дзейнасць Шарамета ва Украіне; праца ў Беларусі і Расеі; намаганні злачынцаў дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне; канфліктныя сітуацыі ў асабістым жыцці, а таксама памылка кілераў у выбары абʼекта забойства.

«Я думаю, гэта звязана з прафесійнай дзейнасцю Паўла. Аднак галоўнае пытанне – у якой дзяржаве, бо цягам свайго жыцця ён працаваў у трох краінах», – адзначае галоўная рэдактарка «Украінскай праўды».

У Беларусі, дзе Павел нарадзіўся, журналіст стаў персонай нон-грата: вядомы як зацяты крытык Аляксандра Лукашэнкі, Шарамет стаў фактычна адным з першых палітвязняў. У 2010 годзе ўлады Беларусі – у якасці выключнай захады – забралі ў журналіста беларускае грамадзянства. Сумнае супадзенне – забілі Шарамета акурат у гадавіну абрання Лукашэнкі кіраўніком краіны – 20-га ліпеня. Падобнымі загадковымі смярцямі адзначыліся справы і іншых беларускіх журналістаў – Алега Бябеніна, Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава.

«Калі ў справе Шарамета таксама ёсць нейкі след, змяшаны з палітычнымі матывамі, то гэта, на жаль, будзе прыхоўвацца, штучна блакавацца, і нейкія факты мы наведаемся толькі праз пэўны час», – кажа Ганна Бабінец, журналістка, суаўтарка расследавання «Забойства Паўла», – кажа Ганна Бабінец, журналістка, суаўтарка расследавання «Забойства Паўла».

Ва Украіне, і не толькі, шмат хто звязаў гэтую смерць з сустрэчай Паўла і байцоў батальёну «Азоў» напярэдадні забойства – адным з апошнім, хто бачыў журналіста, быў вядомы з руху РНЕ ў Беларусі Сяргей Кароткі – «Малюта».

«У той вечар яны раіліся з Паўлам адносна акцыі пратэсту, запланаванай на наступную раніцу», – гаворыцца ў расследаванні «Грамадскага тэлебачання».

А наступнай раніцай аўтамабіль, у якім Павел ехаў на ранішні эфір, выбухнуў. Праз некаторы час следчыя апублікавалі відэа, на якім бачна, як кілеры закладаюць бомбу пад аўтамабіль жонкі Паўла Алены Прытулы. Пазней журналісты высветлілі, што ў ноч забойства каля кватэры, дзе жыў Шарамет, быў і колішні працаўнік СБУ Украіны Ігар Усціменка. Пазней міністр унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў прызнаўся, што следчыя не знялі відэа адной з камераў – як выявілася, самай важнай.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары