Маці Міхаіла Жызнеўскага: «Па ягоных слядах пойдзе моладзь»


«Дачакаўся ты ўзнагароды. Лепш бы ты быў жывы з намі. Але ж нічога не зробіш, такое жыццё. Барацьба за свабоду. Як ты пісаў: «Свабода альбо смерць». Гэта дрэннае прароцтва, але так яно спраўдзілася», – са слязамі на вачох паказвае медаль на магіле сына бацька беларускага Героя Украіны Міхаіл Жызнеўскі.

Першага і адзінага беларуса ўганаравалі найвышэйшым званнем Героя Украіны

Два дні таму прэзідэнт Пятро Парашэнка прымаў бацькоў Міхася ў Кіеве. Цяпер узнагарода знайшла свайго героя. Пахаваны Жызнеўскі ў паселішчы Сцяг Працы пад Гомлем.

«Я адчуваю гонар за свайго сына. Я адчуваю тое, што я яго недарэмна выхавала. Далі яму такое выхаванне, што ён дапамагаў людзям», – зазначыла маці Міхаіла Ніна Жызнеўская.

На жаль, коштам уласнага жыцця

22-га студзеня 2014 года загінуў ад стрэлу ў сэрца на вуліцы Грушаўскай у Кіеве, падчас сутыкненняў на Еўрамайдане. Ягонае пахаванне пераўтварылася ў шматтысячнае шэсце памяці. На месцы гібелі ўсталявалі помнік, здымкі Жызнеўскага можна пабачыць у розных месцах памяці ўкраінскае сталіцы. Ідзе праца дзеля надання вуліцы ягонага імя. Мае званне кавалера ордэна Героя Нябеснае сотні. Пры падтрыманні нашага тэлеканалу знялі фільм «Жызнеўскі. Воін святла».

Ва Украіне барацьба яшчэ не закончылася. Але кожны крок у ёй ацэньваецца высока. У Беларусі ж афіцыйна памяць Міхася Жызнеўскага не ўшаноўваецца. Помнік герою ўсталявалі грамадскія актывісты – на сродкі неабыякавых беларусаў. Вандалы ж зрабілі на пліце абразлівы надпіс… У той жа час для грамадзянскае супольнасці месца спачыну героя зрабілася месцам сустрэчаў і памяці. Тут заўсёды ляжаць кветкі.

«Гэта для беларусаў значыць вельмі многа, бо па ягоных слядах пойдзе моладзь. Будуць змагацца за нашу свабоду. У нас людзі мала адчуваюць сваю годнасць», – упэўнены бацька Міхаіла Жызнеўскага.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»