Масавыя арышты чыноўнікаў. На чым зарабляюць карупцыянеры?


Ад 50-ці да 100 еўраў за дазвол на праезд. Гэткія сумы, паводле версіі следства, працаўнікі Міністэрства транспарту вымагалі ад замежных перавознікаў асабіста для сябе – апрача ўстаноўленых законам тарыфаў.

Справу транспартавікоў КДБ публічна выкрыў у красавіку

Тады арыштавалі начальніка Транспартавай інспекцыі Леаніда Лемеша.

Гэтая справа – эпізод у маштабнай дзяржаўнай кампаніі ў справе барацьбы з карупцыяй, якая з кожным годам набірае ўсё большыя абароты. Таксама ў гэтыя дні разглядаюць справу топ-менеджараў «Беларусбанку», якіх вінавацяць у хабарніцтве на сотні тысяч долараў. Раней затрымалі за хабар намесніка генеральнага дырэктара БелАЗу. Напрыканцы мінулага года хваля антыкарупцыйных арыштаў накрыла менеджмент МТЗ, МАЗу і «Гомсельмашу».

Якая міжнародная ацэнка карумпаванасці ў нашай краіне?

Гэта мы так і не даведаліся. Сёлета Беларусь сталася адзінай у Еўропе, хто забараніў антыкарупцыйнаму органу Рады Еўропы ГРЭКО (GRECO) публікаваць вынікі іх нацыянальнага даследавання пра стан барацьбы з карупцыяй у нас. Наколькі часта з карупцыяй сутыкаюцца беларусы – мы спыталі жыхароў Менску.

Хоць побытавая карупцыя ў Беларусі менш заўважная, чымся ў некаторых суседзяў, асноўныя схемы схаваныя ў дзелавой галіне. У прыватнасці – дзяржаўных закупах.

Як перамагчы карупцыю?

Адметна, што ў пераважнай бальшыні гучных антыкарупцыйных справаў ідзецца пра сотні ці нават сотні тысяч долараў. Між тым, паводле ацэнкі праекту «Кошт урада», на карупцыйных схемах бюджэт страчвае сотні мільёнаў долараў за год. Гэтыя справы аднак усплываюць на паверхню рэдка. Гэтак, расследаванне праекту пра закупы валідатараў у менскія аўтобусы за цану новых айфонаў не мела публічна вядомых наступстваў.

«Нам трэба так пабудаваць эканамічныя дачыненні, каб умоваў для карупцыі не было. Напрыклад, усе павінны плаціць згодна з дамовамі. Не можа быць такога, каб адныя плацілі, а іншыя – не. Павінна быць цалкам празрыстая сістэма дзяржзакупаў. Не толькі на пачатку – як закупілі. Але і як выканалі», – упэўнены Віктар Маргелаў, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

Карупцыю пераможа празрыстасць

Згаданы раней Антыкарупцыйны аддзел Рады Еўропы ГРЭКО ў сваім каментары да сітуацыі ў Беларусі падкрэслівае, што ключавы элемент барацьбы з карупцыяй – гэта празрыстасць. У апошняй справаздачы ГРЭКО пра Беларусь, падсумаванне якой абнародавалі ў 2015-ым годзе, гаворыцца, што ў справе павышэння эфектыўнасці барацьбы з карупцыяй Менск выканаў толькі адну рэкамендацыю з 20-ці.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum