Марадона ўзяўся за старое?


Адзін з улюбёных футбалістаў прэзідэнта Расеі, аргентынец Д’ега Марадона, па сумяшчальніцтве дырэктар берасцейскага «Дынама», на ўчорашнім матчы зборнай Аргентыны з Нігерыяй ледзь не страціў кантроль над сабою. Ён абражаў супернікаў ды паводзіў сябе надзвычай эпатажна. Алкаголь, сардэчны прыступ ці зноўку наркотыкі?

«Я ў парадку і хачу, каб вы ведалі, я не быў у шпіталі». У сваім «Інстаграме» 57-гадовы Д’ега Марадона падзяліўся ўражаннямі ад учорашняй гульні Аргентыны ды Нігерыі, за якою назіраў у Санкт-Пецярбурзе. З віп-ложы Марадону ахова літаральна выводзіла пад рукі. Пасля гульні яго агледзеў доктар, які дыягнаставаў падвышаны ціск і шумы ў сэрцы. Але гэта не перашкодзіла Марадоне пераляцець у Маскву.

«Бачыце, сёння з раніцы ўсе пачалі рабіць мемы з ягоных паводзінаў, таму выглядае, вядома, камічна», – кажа прэс-аташэ ФК «Крумкачы» Аляксей Важнік.

Легендарны футбаліст «праспаў», так бы мовіць, большую частку матчу, але напрыканцы гульні пачаў закочваць вочы ды паказваць сярэдні палец супернікам зборнай Аргентыны. Ужо пасля матчу Марадона патлумачыў свае паводзіны болямі ў шыі. Карыстальнікі ж сацыяльных сетках разгледзелі сляды белага рэчыва на твары пераможца чэмпіянату свету па футболе 1986 года і дапусцілі, той вярнуўся да ўжывання «сухога малака», як называюць какаін.

Эксперты кажуць, што Марадона заўсёды быў хуліганам, а ягоныя паводзіны не адаб’юцца на іміджы берасцейскага «Дынама», з якім ён працуе.

«Прайшоў нейкі час, і ніхто не ведае, ці прыедзе Д’ега пасля ЧС у Беларусь, што ён тут будзе рабіць? Хадзіць на футбол ці проста сустрэнецца з палітыкамі? Але на берасцейскае «Дынама» ані адмоўна, ані станоўча гэта не паўплывае. Калі мы лічым, што Марадона быў добрым футбалістам, то пасля сканчэння кар’еры з ім больш скандалаў», – лічыць Важнік.

Што да гульні Аргентыны, форвард Мэсі ды ўся зборная падарылі заўзятарам працяг футбольнага свята. У 1/8 Аргентына згуляе з Францыяй, сустрэча пройдзе ў суботу на стадыёне ў Казані.

Фота: Peter Kovalev / TASS / FORUM