Аб'ектыў 17.07.2018 Марадона – мара беларускага футболу?


Прыехаў, даў прэс-канферэнцыю, схадзіў на матч ды з’ехаў. Футбольная зорка мінулага стагоддзя Д’ега Марадона пабываў у Беларусі і паабяцаў пасяліцца ў Берасці. Навошта Марадоне Берасцейскае «Дынама», і ці зможа ён выратаваць беларускі футбол?

Называў сябе фанатам Пуціна, цёпла ўзгадваў Фідэля Кастра, Муамара Кадафі ды Уга Чавэса. Цяпер – хоча пазнаёміцца і зрабіць фотаздымак з Лукашэнкам. Зорка сусветнага футболу мінулага стагоддзя Д’ега Арманда Марадона ўпершыню наведаў Беларусь.

«Калі мне прапанавалі стаць прэзідэнтам «Дынама», то я ўбачыў, што гэта сурʼёзны праект. Ані секунды не сумняваўся. Калі скончу сваю карʼеру ў Берасці, я, напэўна, застануся тут жыць. Мы вельмі шмат марым», – кажа старшыня праўлення ФК «Дынама» Дʼега Марадона.

Марадона марыць, а функцыянеры робяць. На гэтай жа канферэнцыі абвесцілі пра будаўніцтва 30-тысячнага стадыёну ў Берасці, якому дадуць імя Заіда ібн Султана ан-Наг’яна – колішняга прэзідэнта Арабскіх Эміратаў. Разам з гэтым плануюць стварыць дзіцячую футбольную акадэмію Марадоны. Берасце чакае гасцей з усяго свету, а вось менчукі – больш стрыманыя ў разважаннях.

Але ў першую чаргу павышэння іміджу прагнуць уласнікі берасцейскага «Дынама», кажуць эксперты. Маўляў, хоць Марадона і абяцае заставацца ў Берасці, гаворкі пра нейкія паляпшэнні, а тым больш пра «адданасць» беларускаму клубу не вядзецца. А таму максімум, што можна чакаць ад легендарнага футбаліста, – гэта прысутнасць на важных матчах і буйных спаборніцтвах – напрыклад, падчас еўракубкаў.

«І ў гэтым ягоная галоўная роля, асноўная задача – дзеля таго, каб у свеце казалі пра брэнд берасцейскага «Дынама». Магчыма, звязвалі гэта неяк з уласнікамі клубу ды іхнаю кампаніяй «Sohra Overseas», якая займаецца пастаўкамі ў ААЭ разнастайнай беларускай тэхнікі», – мяркуе кіраўнік праекту «by.tribyna.com» Максім Беразінскі.

Справа ясная, што справа нятанная. Хоць афіцыйна сума кантракту з зоркаю не раскрываецца, паводле чутак, гаворка можа весціся нават пра шэсць з паловаю мільёнаў долараў на год.

«На выніку гэта наўрад ці адабʼецца, але шуміха, імідж, гэты шум-гам ідзе ў плюс. У клубе працуюць у тым ліку і на гэты складнік», – лічыць Беразінскі.

І першыя вынікі ўжо ёсць. На ўчорашнім матчы паміж «Дынама» і «Шахцёрам» Марадона пераканаўся ў сваёй папулярнасці ў Беларусі. Што праўда, ані запоўнены на 100 % берасцейскі стадыён, ані крычалкі «Д’ега» замест «Дынама» не дапамаглі берасцейцам выгуляць. 1:3.

Рэакцыя Марадоны ў імправізаванай VIP-ложы «Берасцейскага» стадыёну была больш сціплая, чымся на чэмпіянаце свету. Тады, пасля матчу Аргентыны з Нігерыяй, зорцы давялося выклікаць хуткую.

Кар’ера гульца для аднаго з найлепшых футбалістаў XX стагоддзя і пераможцы чэмпіянату свету скончылася ў 94-м у выніку скандалу з наркотыкамі і дыскваліфікацыі. За межамі футбольнага жыцця Д’ега Марадона вядомы сваймі экстравагантнымі выказваннямі ды ўчынкамі. Зусім як кіраўнік нашае краіны. А таму і сустрэча футбольнай зоркі з Лукашэнкам можа адбыцца гэтаксама раптоўна, як ужо калісьці гэта было з Жэрарам Дэпард’ё і Стывэнам Сігалам.

Вось толькі дакладна не цяпер. Марадона ўжо пакінуў Беларусь. Але абяцаў вярнуцца. Кантракт разлічаны на тры гады.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары