Мама родная! Менчукі – пра цыклон, што ўдарыў па Беларусі


Непагадзь, што ўчора абрынулася на Беларусь, паламала дрэвы, пашкодзіла будынкі ды аўтамабілі, а ад прыпынку на вуліцы Брыля ў Менску пакінула толькі аскепкі.

Металічная канструкцыя ўпала на трох чалавек, якія чакалі транспарту – іх шпіталізавалі з ушыбамі ды пераломамі, дваіх ужо выпісалі, а трэцяга адправяць на аперацыю.

«Чую нешта такое – гух! А пасля гляджу – дрэва падае, а за ім слуп. Мама родная!», – дзеліцца ўражаннямі мясцовая жыхарка.

Шчаслівы выпадак уратаваў уладальніцу прыватнага дому на вуліцы Акрэсціна

Яна была ў краме, калі дрэва ўпала на дах і пацягнула за сабою драты электраперадачаў. Ніхто з жыхароў не пацярпеў, але вуліца на некалькі гадзінаў засталася без святла.

«Галіны дрэва працялі дах наскрозь і дрэва паехала, думалі, дах складзецца напалам, МНС сказаў, вельмі пашчасціла», – дзеліцца жанчына.

Ахвярамі моцнага ветру сталі не толькі будынкі

На вуліцы Пушкіна старая вярба пашкодзіла адразу дзве машыны. Паводле мясцовых, дрэва было ў аварыйным стане – два гады таму галіны ўжо падалі на машыны, але тады абышлося без пашкоджанняў.

Штармавое папярэджанне абвесцілі і на сёння

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў раіць не ставіць машыны каля высокіх дрэваў, абыходзіць хісткія будынкі, а пры моцнай залеве не спускацца ў падземныя пераходы.

Настасся Храловіч, «Белсат»