Малочныя санкцыі Расеі – барацьба лабістаў?


Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат напрыканцы мінулага года перажыў рэарганізацыю, сёлета шукае інвестараў і паціху будуе малочнатаварны комплекс у паселішчы Шчарбы. Але цяпер унітарнае прадпрыемства ў Глыбокім зачапілі тыя ж праблемы, што і ўсю Віцебскую вобласць ды ўсю Беларусь. Расея забараніла пастаўкі малака, вяршкоў і сыроваткі ў любым выглядзе – у тым ліку сухіх і згушчаных.

Глыбоцкая згушчанка трапіла пад санкцыі Саюзнай дзяржавы ўпершыню

І хоць «Рассельгаснагляд» часова перанёс забарону на 6-га сакавіка, экспарт у Расею не аднавіўся. Як паведамілі «Белсату» крыніцы на камбінаце, на ўсход адгружаюць толькі масла. Працаўнікі глыбоцкага заводу, з якімі паразмаўлялі нашыя журналісты, лічаць, што прэтэнзіі расейскай службы санітарнага нагляду да іх малака надуманыя.

У кіраўніцтве прадпрыемства сітуацыю з галоўным рынкам збыту каментаваць адмаўляюцца.

Напрыканцы лютага «Рассельгаснагляд» актываваўся на беларускім кірунку

Забароне беларускага малака і згушчанкі папярэднічала ўзмацненне лабараторнага кантролю беларускіх харчоў. У гэты аўторак, напрыклад, расейцы ўвялі гіперкантроль вырабаў яшчэ 10 беларускіх прадпрыемстваў. Федэральная служба ветэрынарнага і санітарнага нагляду абвесціла, што нібыта знайшла ў ялавічыне антыбіётыкі ды бактэрыі, антыбіётыкі і сухое малако – у малацэ пітным, і нават раслінныя тлушчы – у шчучынскіх сырах.

На беларускіх прадпрыемствах з чорнага спісу кажуць пра няшчырыя правілы гульні на агульным рынку. Напрыклад, без папярэджання ўводзяцца санкцыі за рэшткі антыбіётыкаў, якія раней увогуле не кантраляваліся.

Праблема не ў палітыках, а канкурэнтах з Расеі?

Новыя мяса-малочныя войны Расеі супраць Беларусі эканамісты тлумачаць не палітычнымі прычынамі, а лабіяваннем з боку расейскіх вытворцаў. Гэта ўскосна пацвердзіў і расейскі прэм’ер – на Інвестыцыйным саміце ў Сочы Дзмітрый Мядзведзеў заявіў аб Дактрыне харчовай бяспекі Расеі. Усю ежу трэба купляць унутры федэрацыі, каб ні ад каго не залежаць.

«Стаіць задача цалкам вырашыць харчовую праблему па ўсіх гатунках жывёлагадоўчай прадукцыі, па мясе, па малацэ. Як толькі мы зможам гэта зрабіць, мы, па сутнасці, будзем карміць сябе самі», – выказаў спадзяванне прэм’ер-міністр РФ.

Гэта супярэчыць ідэі супольнага рынку Беларусі, Расеі і Казахстану. У Еўразійскай эканамічнай камісіі цяперашнюю забарону беларускага малака ўжо назвалі парушэннем нормаў ЕАЭС.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Stanislav Krasilnikov / ITAR-TASS / Forum