Малая радзіма Пятра Машэрава гніе на вачох


Звычайная вёска з незвычайнаю гісторыяй. Цягам сямі гадоў пешшу ці на ровары школу ў Машканах наведваў Пётр Машэраў. Кіраўнік Савецкай Беларусі, што будаваў светлую будучыню, цяпер звысоку і без усмешкі ўглядаецца ў жыццё аднавяскоўцаў.

«Пётр Міронавіч Машэраў, напэўна, у труне перавярнуўся, калі б паглядзеў зараз да чаго мясцовыя чыноўнікі давялі жыццё ягоных землякоў. Тут куды не паглядзі, парушаюцца правы людзей. У такіх умовах у 21-ым стагоддзі ў цэнтры Еўропы жыць проста сорамна», – абураецца праваабаронца Павел Левінаў.

Звонку дамы развальваюцца, а знутры – гніюць

Журналістаў «Белсату» жыхары павялі не па месцах баявой славы, а па месцах камунальнай ганьбы:

Жудасна – звонку будынку, але яшчэ горш – у кватэрах. Нават камеры не ў стане паказаць сапраўдную сітуацыю, бо праз павышаную вільгаць – запатневаюць.

У такіх умовах не трымаюцца ні фарба, ні шпалеры, перастаў працаваць тэлевізар і гадзіннік. Са словаў жыхароў, згніла амаль усё, што было ў кватэрах.

Невыносныя ўмовы для людзей

Затое ідэальныя для грыбка і цвілі, што забіраюць здароўе, як у Людмілы Дудкінай і дваіх ейных дзяцей, якія сталі інвалідамі.

Прычыну такога стану рэчаў жыхары называюць не адну: гэта і памылкі будаўніцтва, і адсутнасць даўно неабходнага рамонту. Тое ж, што рамантавалі, рабілі як вочы заплюшчыўшы, часта выкарыстоўваючы бракаваныя матэрыялы.

Снег не счышчалі, таму і праваліўся дах

Гэтак жа і ў іншых выпадках: тэхнічнага абслугоўвання няма, з-за гэтага мы ўсё вымушаныя рабіць самі і пры гэтым аплочваць усе 100 % ЖКГ», – кажа мясцовая жыхарка Галіна Шыцько.

Жыхары дамоў звярталіся ва ўсе магчымыя інстанцыі: раённыя, абласныя і нават Міністэрства ЖКГ. З найвышэйшай інстанцыі накіроўваюць у мясцовыя органы, дзе адказ адзін: сродкаў на рамонт няма.

Даведзеныя да адчаю людзі паклікалі тэлебачанне

«Тут рэкет на дзяржаўным узроўні. Людзей змушаюць плаціць даніну, не за паслугі, а менавіта даніну, бо паслугі не аказваюць. Яны з году ў год атрымліваюць адпіскі: грошай няма – мы вам зробім налета», – тлумачыць праваабаронца Павел Левінаў.

Калі не дапаможа розгалас справы, то застанецца апошняя інстанцыя: суд.

Вольга Старасціна, «Белсат»