«Малады фронт» святкуе юбілей – 20 гадоў


20 гадоў для арганізацыі – узрост надзвычайны. Аднак і «Малады фронт», які адзначае сёння свой юбілей, назваць звычайным аніяк не выпадае.

З самага пачатку арганізацыя сталася не толькі нязменным лідарам моладзевага адраджэнскага руху, але і рашучым адказам на выклікі, перад якімі апынулася Беларусь.

Стварэнне «Маладога фронту» было пытаннем часу

«Канец 1990-х гадоў – гэта быў такі геапалітычны і гістарычны разлом. Развальваецца імперыя, ствараецца незалежная дзяржава, у моладзі ёсць будучыня – і раптам дыктатура збіраецца ў гэтай моладзі будучыню адабраць. Таму, канешне, гэта быў пратэст цэлага пакалення моладзі», – узгадвае сузаснавальнік арганізацыі Павал Севярынец.

Назва з’явілася ў лютым 1997-га года, а ўжо 6 верасня таго ж года 237 дэлегатаў з усяе Беларусі сабраліся ў Менску на першы, устаноўчы, сойм аб’яднання. За сваю багатую і надзвычай яскравую гісторыю «Малады фронт» меў некалькі пікаў дзейнасці.

Летась і сёлета «Малады фронт» зноўку гучна заявіў пра сябе

Гэта і збор дзесяці тысяч подпісаў за наданне бела-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, і пратэсты супраць усталявання помніку Леніну ля прахадной МАЗу ды супраць прыезду ў Менск расейскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва, і, вядома ж, абарона Курапатаў ад незаконнай забудовы. І ўсё гэта сіламі літаральна… шасці актывістаў!

А таму і масавасць шэрагаў цяперашніх актывістаў арганізацыі, якая некалі налічвала тысячы чальцоў, асабліва не турбуе. Ідэя і ўласны прыклад адзінак здольныя натхніць мільёны, перакананы цяперашні лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. І дадае: трэба больш адказна расстаўляць прыярытэты.

«Будуць перамены»

«Мы не сабою займаемся, мы ўсё займаемся Лукашэнкам. Давайце займацца сабою! І грамадства, якое прагне пераменаў… Ёсць жа даследаванні сацыялагічныя: мінімум тры мільёны беларусаў прагнуць пераменаў! Тры мільёны! Чаму гэтыя людзі не бачаць нейкай альтэрнатывы? Чаму яны не далучаюцца да кагосьці і да чагосьці? Давайце займацца сабой, і, мажліва, заўтра гэтыя тры мільёны ўбачаць альтэрнатыву, далучацца – і будуць перамены!», – харызматычна пераконвае Дашкевіч.

За гэтыя дваццаць гадоў маладафронтаўцы пасталелі, рэалізаваліся ў самых розных сферах жыцця, займелі сем’і. Аднак галоўнае, што абʼядноўвае чальцоў арганізацыі, засталося нязменнае. Як і некалі каліноўцы, маладафронтаўцы ведаюць адказ на пытанне-пароль «Каго любіш?», бо любяць – Беларусь.

Валер Руселік,«Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum