«Макей той дыялог, які дэманструе Еўропе, вядзе сам з сабою»


Беларусь не баіцца сцэнару, які зрэалізаваў Крэмль ва Украіне, заявіў міністр замежных справаў нашае краіны Уладзімір Макей. Да таго ж Менск зацікаўлены ў далейшай супрацы з Еўразвязам ды выхаду з-пад уплыву ад Масквы. У інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюз» кіраўнік беларускай дыпламатыі закрануў і даволі супярэчлівае пытанне зменаў у Канстытуцыі. Як сітуацыя выглядае на словах Макея, а як – на практыцы?

Нельга заснуць у СССР, а прачнуцца ў паўнавартаснай еўрапейскай дэмакратыі. Пра гэта міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў у сваім нядаўнім інтэрв’ю тэлеканалу Euronews. Разам з тым, паводле міністра, Беларусь проста абкружаная нестабільнасцю – гэта і крызіс ва Украіне, і ўзаемныя санкцыі паміж Расеяй і ЕЗ. Таму нам, маўляў, важна захаваць гэты «астравок стабільнасці» ў цэнтры Еўропы. Як? Праз змены ў Канстытуцыі.

«Выклікаў дастаткова, і мы павінныя іх улічваць. Таму мы думаем над паляпшэннем некаторых палажэнняў Канстытуцыі. Гэтыя змены непазбежна прывядуць да трансфармацыі заканадаўства ў эканамічнай, выбарчай ды іншых галінах», – заявіў Макей.

Чакае зменаў у выбарчай галіне і старшыня Цэнтрвыбаркаму. Але мадэрнізацыя выбарчага кодэксу, паводле Лідзіі Ярмошынай, немагчымая без зменаў у асноўным законе краіны. Пацвярджае неабходнасць мадэрнізацыі Канстытуцыі і яе гарант.

Зрабіць адзін толькі выгляд развіцця перад захадам ці сапраўды змяніцца ў лепшы бок? У якіх жа насамрэч зменах зацікаўленыя ўлады Беларусі і ці зацікаўленыя ўвогуле? І аб якіх выкліках казаў Макей?

«Канстытуцыю мяняюць для таго, каб захаваць менавіта гэты тып улады. Бо калі ён не адпавядае рэчаіснасці і сучаснасці, то яго трэба проста прыстасаваць да гэтых выклікаў», – кажа метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Паводле эксперта, рэферэндум будзе мець і электаральны чыннік, які пакажа, ці давяраюць людзі ўладам. Вось толькі які можа быць рэальны давер да ўлады, якая не змяняецца?

Жыхары Менску кажуць:

«Павінна быць зменнасць улады. Абавязкова!»

«Таму што любы чалавек, любая асоба так ці інакш зжывае сябе, зжывае свае ідэі. Для гэтага і прыдумалі дэмакратыю, для зменнасці ўлады».

«Бо адзін чалавек, потым яго дзеці, унукі пачнецца. Гэта несумленна».

Між тым з рознымі «выклікамі» – прынамсі ўнутранымі – улады Беларусі здольныя справіцца і без зменаў у Канстытуцыі. Дастаткова проста не звяртаць на яе ўвагі – тады і затрымліваць 90-гадовых пенсіянераў на мірных шэсцях, і блакаваць непажаданыя інтэрнэт-рэсурсы, і судзіць за збор подпісаў дзеля падтрымання беларускай мовы, і пераследаваць незалежных журналістаў можна без усялякага сораму. І пры гэтым – гучна казаць пра зрухі ў бок паляпшэння правоў і свабодаў грамадзянаў, – у дыялогу з Абʼяднанаю Еўропай. Маўляў, за два гады мы дасягнулі значна большага ў адносінах з Еўразвязам, чымся за папярэднія 20 гадоў санкцыяў, недаверу і гэтак званай мегафоннай дыпламатыі.

«Мы перазапусцілі дыялог у правах чалавека з Еўрапейскім Звязам і Злучанымі Штатамі Амерыкі. […] Мы распрацавалі ды прынялі першы ў гісторыі суверэннай Беларусі Нацыянальны план дзеянняў у правах чалавека, падрыхтаваны ў цеснай супрацы з няўрадавымі арганізацыямі», – заявіў Макей.

Вось толькі еўрапейцы не надта імкнуцца ўнікаць у дробязі і дэталі гэтых супрацаў.

«Макей не вядзе ніякага дыялогу з грамадзянскай супольнасцю. Гэта не грамадзянская супольнасць, а імітацыя яе – муляж грамадзянская супольнасці. На жаль, сёння Макей той дыялог, які дэманструе Еўропе, вядзе сам з сабою», – кажа Мацкевіч.

А таму і вынікаў гэтай беларуска-еўрапейскай супрацы грамадскасць не заўважае. Як і дэ-факта не мае права выбару.

«Эканамічная павестка дня, сацыяльная, – яна наўпрост звязаная з тым, людзі выбіраюць улады ці не выбіраюць. Калі ты не выбіраеш уладу, ты яе не кантралюеш: ты не кантралюеш бюджэт, ты не кантралюеш рашэнні, якія яна прымае. Тады зʼяўляюцца дэкрэты нумар тры, нумар адзін», – адзначае старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Але ж, паводле Макея, Беларусь моцна зацікаўленая ў развіцці адносінаў з Еўразвязам, бо гэта дазволіць краіне ўмацаваць эканамічную і палітычную незалежнасць. У першую чаргу – ад Расеі.

«Як вядзецца ідэалагічная праца, прапагандысцкая праца, адукацыя будуецца і гэтак далей. На жаль, калі паглядзець вось на гэтыя чыннікі, то я б сказаў, што не заўважна, каб мы трохі дыстансаваліся ад Расеі», – мяркуе Мацкевіч.

Хоць Макей і прызнае залежнасці ад адной краіны, міністр перакананы, што Расея не хоча мець у Беларусі ўкраінскага сцэнару.

 

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Фота – Mikhail Tereshchenko/TASS