Магілёўская спецшкола: б’юць дзяцей, ламаюць косці


Коратка стрыжаныя, апранутыя ў камуфляж. Навучэнцаў спецвучэльні закрытага тыпу № 2 прывезлі на паседжанне Камісіі Ленінскага раёну Магілёва ў справах няпоўнагадовых.

Сярод групы вылучаюцца некалькі чалавек у адмысловай уніформе – такім чынам пастанавілі вонкава вылучыць тых, хто месяц таму спрабаваў уцячы з установы.

Пасля трох гадзінаў «самаволкі», маладзёнаў затрымалі і збілі настолькі, што адзін з іх трапіў у мясцовы шпіталь. З кампрэсійным пераломам хрыбта. Акурат гэты навучэнец сёння на камісіі не прысутнічаў.

«Нашыя камісіі выконваюць рэпрэсіўную функцыю. Яны абсалютна не зацікаўленыя ў абароне правоў непаўнагадовых, яны не спрабуюць разабрацца ў матэрыялах справы», – даводзіць праваабаронца Наталля Шкадун.

Навучэнцы: невыносныя ўмовы сталіся прычынай уцёкаў

На гэтыя словы сябры камісіі адрэагавалі маўчаннем. Іх больш цікавіла тое, што навучэнцы мацюкаліся падчас затрымання.

Наталля, маці Цімафея Варанкова дадае, што выканальнік абавязкаў дырэктара спецвучэльні паабяцаў палепшыць умовы ўтрымання падлеткаў. А хлопцы-ўцекачы ўсё ж атрымалі папярэджанне за лаянку.

Праваабаронца раіць бацькам аспрэчваць гэтую пастанову

«Сітуацыя павінна быць разгледжаная ад пачатку. Чаму адбыліся ўцёкі? Чаму з установы, у якім дзеці павінны павінны атрымліваць дапамогу па выхаванні, раптам групавыя ўцёкі?», – тлумачыць спадарыня Шкадун.

Адметна таксама тое, што, напрыклад, адразу пасля збіцця Наталлі Варанковай не давалі пабачыцца з ейным сынам, а персанал спецвучэльні запэўніваў, што з падлеткам усё ў парадку. Пра ўсю гісторыю кабета дазналася … з інтэрнэту.

Гісторыя з Магілёва паказвае: закрытыя ўстановы неабходна перадаваць пад грамадскі кантроль. Толькі такім чынам можна спраўдзіць, што адбываецца за зачыненымі рэжымнымі дзвярыма.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»