Магчымая прычына гібелі шарагоўца Арлова – дзедаўшчына


Зноўку смерць у войску. У вайсковай частцы ў Слоніме знайшлі павешаным 20-гадовага шарагоўца тэрміновай службы Арлова. У Міністэрстве абароны кажуць, што гэта самазабойства з асабістых прычынаў. Аднак «Белсат» даведаўся, што ў слонімскай вайсковай частцы існавалі неўстаўныя адносіны паміж вышэйшым кіраўніцтвам і жаўнерамі – так званая «афіцэршчына».

Сваё меркаванне выказалі жыхары Слоніма:

«Сапраўды, мне падаецца, што маглі быць асабістыя матывы. Напрыклад, праблемы з дзяўчынай. Такое часта здараецца»

«Сам калісьці служыў, але не было такога, каб некага даводзілі на самагубства»

«Па сямейных абставінах не можа быць. Нешта іншае здарылася»

«Зараз моладзь вельмі слабая. Калі я служыў, таксама была дзедаўшчына, але мы былі мацнейшыя крышку»

Паводле інфармацыі сайту hronika.by, загінулы хлопец, якому заставалася крыху больш за паўгады да дзембеля, зачыніўся ў памяшканні, дзе захоўваліся інструменты для прыбірання. Там яго і знайшлі. Напярэдадні трагедыі маладзён, паводле саслужбоўцаў, паразмаўляў з кімсьці па таксафоне і вярнуўся ў казарму ў прыгнечаным стане. У размове з «Белсатам» былыя прызыўнікі, якія дэмабілізаваліся ўвесну са слонімскай вайсковай часткі нумар 33933, распавялі на ўмовах ананімнасці пра атмасферу ў войску і неўстаўныя адносіны, якія існавалі ў першую чаргу паміж афіцэрамі і жаўнерамі.

«Я вам скажу, афіцэры – проста звяры. Пачынаюць гадзіне а 4 раніцы крычаць «Рота, пад’ём!», у каго першыя прачнуліся – той перамог. Там жа я бачыў, як камандзір збіваў майго саслужыўца за нейкую правіннасць – падаецца, машына не заводзілася з першага разу. Біў па грудзях кулаком, выспяткі даваў» – расказвае Дзмітрый Л.

«Хлопец, які павесіўся, служыў у 40-м батальёне. У іх камандзір роты ёсць, ён такую фігню робіць. Аднойчы я выпадкова зачапіў яго плячом, праходзячы міма. Ён пачаў крычаць, два разы ўдарыў у грудзі і прымусіў адціскацца перад усімі» – дадае Аляксей Т.

Гэта не першы трагічны выпадак у гэтай слонімскай частцы. Гэтак, у снежні 2013-га тут загінуў 20-гадовы жаўнер – як і шарагоўца Арлова, яго знайшлі павешаным.

«Ён тады засіліўся на экскаватары «Урал». Мы пісалі пра гэта, на здымках гэта выглядала вельмі негатыўна. І прычынай суіцыду тады таксама назвалі асабістае жыццё» – каментуе намеснік галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» Мікола Канановіч.

Смерць шарагоўца Арлова сталася ўжо трэцяй у беларускім войску пасля гібелі Аляксандра Коржыча ў Печах летась у кастрычніку. Першы такі выпадак адбыўся ў менскім Уруччы – падчас планавых заняткаў па баявой падрыхтоўцы загінуў саслужывец Коржыча Дзмітрый Удод. Наступная трагедыя здарылася з 33-ох гадовым дэсантнікам Яўгенам Салавейкам, чый парашут падчас скоку згарнуўся ад парыву ветру недалёка ад зямлі.

Следчы камітэт заявіў, што цяпер ідзе правяранне ўсіх трагічных выпадкаў у войску за апошнія шэсць гадоў, ідуць актыўныя праверкі і ў самых частках. Аднак смерці, нягледзячы на рэзананс, так і не спыніліся. Распавядае Алег Волчак, праваабаронца:

«Зноў не дапрацавалі: кіраўніцтва вайсковай часткі, псіхіятры, медыкі. Не можа малады чалавек узяць і скончыць жыццё самагубствам. Заўсёды ёсць нешта, што папярэднічае гэтаму, заўсёды ёсць прычыны».

Пакуль жа сапраўдныя прычыны высвятляе Следчы камітэт, у Менскім абласным судзе працягваецца разгляд справы Аляксандра Коржыча. Сённяшняе паседжанне па патрабаванні пракурора зрабілі закрытым для журналістаў: дзяржаўны абвінаваўца абгрунтаваў гэткую захаду неабходнасцю агучвання інфармацыі, якая датычыць «асобных пытанняў праходжання вайсковай службы», а таксама «стану здароў’я фігурантаў справы».

Віталь Бабін, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: сайт 360tv.ru