«Магчыма, будуць змены ў Канстытуцыю, калі Лукашэнка захоча падоўжыць тэрмін прэзідэнцкага мандату»


Дэмакратычная апазіцыя дала адказ на планы Лідзіі Ярмошынай адносна прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, якія супадаюць у 2020-м годзе. Старшыня Цэнтрвыбаркаму не выключае правядзенне прэзідэнцкіх выбараў датэрмінова, каб захаваць палітычны лад. Прадстаўнікі апазіцыі ня вераць словам Ярмошынай і агучваюць свой выбарчы план.

Да цывілізаваных выбараў у Беларусі далёка, а тлумачэнні старшыні ЦВК яшчэ больш далёкія ад рэчаіснасці. Гэтак лІчыць апазіцыя ды адназначна каментуе новыя выбарчыя заявы Лідзіі Ярмошынай.

«Я бы хацеў сказаць Лідзіі Ярмошынай, што трэба браць прыклад з цывілізаваных краінаў. То бок, праводзіць выбары ў той перыяд, калі людзям зручна і галасаваць, і праводзіць выбарчыя кампаніі. Трэба перастаць баяцца, зрэшты, свайго народу!», – заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

А Лідзія Ярмошына відавочна мае свае планы. Яна не выключае чарговых зменаў у Выбарчы кодэкс і налета плануе звярнуцца да Лукашэнкі, каб абмеркаваць магчымыя тэрміны выбарчых кампаніяў. Тады і прымуць рашэнне, каго будуць выбіраць раней, – дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў або прэзідэнта. Сумяшчаць жа гэтыя дзве кампаніі ніяк нельга, мяркуе старшыня Цэнтрвыбаркаму.

«Безумоўна, гэтыя дзве выбарчыя кампаніі трэба разводзіць. Часам у свеце такія выбары праводзяцца разам, але гэта заўсёды звязана з канфліктамі. У Расеі, напрыклад, пасля падзеяў на Балотнай плошчы амаль на паўтара года развялі прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Пытанні бяспекі і палітычнай стабільнасці прымушаюць і нас праводзіць гэтыя кампаніі на досыць вялікім адрэзку адзін ад аднаго», – падкрэсліла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Але ці толькі пра бяспеку і палітычную стабільнасць клапоцяцца ўлады Беларусі?

Хіба што пра ўласную – мяркуе палітолаг Алесь Лагвінец.

«Любая выбарчая кампанія, асабліва калі яны супадаюць, павялічвае пэўны градус палітычнай мабілізацыі ў грамадстве. Палітычная мабілізацыя людзей, большая цікаўнасць людзей да палітыкі Лукашэнку зусім не патрэбная. Яму трэба, каб людзі пасіўна згаджаліся на тое, што апроч яго няма нібыта ніводнага кіраўніка і ён – адзіны, хто гарантуе так званую стабільнасць», – падкрэслівае Лагвінец.

Аляксандр Лукашэнка ўжо 23 гады на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Сцэнар чарговых прэзідэнцкіх выбараў уявіць не цяжка. Аднак са словаў аналітыкаў, гэта не выключае зменаў, каб палепшыць эфектыўнасць старой выбарчай машыны.

«Магчыма, у наступным годзе нас чакаюць змены, якія ўлады зробяць у выбарчы кодэкс. Яна [Ярмошына] пра гэта і сказала. Магчыма, будуць змены ў Канстытуцыю, калі Лукашэнка захоча падоўжыць тэрмін прэзідэнцкага мандату», – кажа Лагвінец.

Апошнія заявы Лідзіі Ярмошынай ставяць выклікі і дэмакратычнай апазіцыі. У асяроддзі апанентаў Лукашэнкі заяўляюць пра гатовасць да розных сцэнараў, у тым ліку і да датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў.

«Вылучым адзінага кандыдата ад правацэнтрыстаў на прэзідэнцкія выбары і, папярэдне, ёсць планы зрабіць гэта як мінімум за год да таго, як пачнуцца нават датэрміновыя выбары. Хоць такое і цяжка сабе ўявіць, але нават калі на год раней адбудуцца прэзідэнцкія выбары, то мы ўжо будзем з адзіным кандыдатам», – сцвярджае Віталь Рымашэўскі.

Але ў сумленнасць і празрыстасць выбараў ужо сёння некаторым цяжка паверыць.

Жыхары Менску кажуць:

«Ніхто не можа быць упэўнены, што яны будуць адкрытыя і сумленныя».

«Не ведаю, што вам адказаць… Мне падаецца, смешна гэта ўсё».

«Хочацца ў гэта верыць. Па крайняй меры, я хаджу на выбары – і я спадзяюся, што мае галасы сумленна ўлічваюцца».

Паводле календару выбараў і рэферэндумаў, бліжэйшыя прэзідэнцкія выбары мусяць адбыцца не пазней за 20-га жніўня 2020 года; выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савету Рэспублікі – не пазней за 10-га і 11-га верасня 20-га года адпаведна.

 

Сцяпан Святлоў, «Белсат». Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko