Аб'ектыў 29.12.2017 Людзі заступіліся за арыштаванага чыноўніка, які падняў перадавое прадпрыемства на Магілёўшчыне


Перад завяршэннем года не абышлося без карупцыйнага скандалу, на Магілёўшчыне. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць дырэктара Круглянскай ПМК № 266 Мікалая Патрончыка. Заслужанага будаўніка Беларусі і ўладальніка ордэну Айчыны трэцяй ступені вінавацяць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры праз злоўжыванне службовым становішчам.

Перад завяршэннем года не абышлося без карупцыйнага скандалу, на Магілёўшчыне. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць дырэктара Круглянскай ПМК № 266 Мікалая Патрончыка. Заслужанага будаўніка Беларусі і ўладальніка ордэну Айчыны трэцяй ступені вінавацяць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры праз злоўжыванне службовым становішчам.

Напярэдадні Мікалая Васільевіча вывелі з кабінету ў кайданках

А сёння ўжо завялі супраць яго крымінальную справу. Навіна, якая ў мястэчку Круглае, што на Магілёўшчыне, займела эфект сапраўднай бомбы. І не дзіва: ці не ўсе поспехі і дасягненні ў райцэнтры асацыююцца найперш менавіта з асобаю дырэктара мясцовай ПМК Мікалая Патрончыка.

«Асоба Патрончыка – гэта вядомая асоба. ПМК, якой ён кіруе – гэта даволі перадавое прадпрыемства ў Магілёўскай вобласці і лічыцца градаўтваральным прадпрыемствам у Круглым. Таму што іншыя заводы і фабрыкі, якія былі, зачыненыя», – сведчыць палітык Рыгор Кастусёў.

Пры гэтым і ў Камітэце дзяржкантролю, і ў КДБ сцвярджаюць, што інфармацыі пра крымінальны пераслед Патрончыка ў іх няма, а Следчы камітэт абяцае каментар пазней. На прадпрыемстве ж кажуць, што дырэктара не будзе да Новага года – без тлумачэння прычынаў.

За што арыштавалі?

«Не думаю, што гэта карупцыя, паколькі будаўнічы бізнес сам па сабе настолькі цяжкі ў Беларусі! Тут зарабляць так цяжка! Ну вось уявіце: паставіш адну цану – дэвальвацыя. А ў асноўным гэта ж экспартная эканоміка: пастаўкі будматэрыялаў з-за мяжы, усё гэта расце ў цане – як разлічвацца? Ідзі на паклон да замоўцы!», – даводзіць былы буйны бізнесовец Андрэй Клімаў.

А таксама – да таго, каму кланяюцца, бадай, усе буйныя бізнесоўцы краіны. Аляксандра Лукашэнку Мікалай Патрончык называў сваім добрым знаёмым, атрымліваў ад таго яшчэ ў 2012-м годзе прапанову стаць міністрам архітэктуры і будаўніцтва. Менавіта Круглянская ПМК цалкам адбудавала малую радзіму кіраўніка дзяржавы – вёску Александрыю, а таксама лядовы палац у Шклове. Зрэшты, быць на кароткай назе з Лукашэнкам – яшчэ не азначае мець ліцэнзію на недатыкальнасць, адзначае калісьці адзін з самых багатых айчынных бізнесоўцаў Андрэй Клімаў.

Людзі за Патрончыка заступаюцца ахвотна

Бароняць дырэктара нават тыя, хто наракае на ягоны дастаткова жорсткі стыль кіравання. На прадпрыемстве сёння літаральна трымаецца ўвесь раён.

«Вельмі вясёлы, вельмі добры чалавек! Ён падняў нам Круглае!».

«Я ў яго працаваў не адзін год. Як кіраўнік і як чалавек ён нармальны. Я лічу так, што каб не ён, то гэтага ПМК не было б».

«Чалавек з вялікай літары! Ён дапамагаў людзям, нягледзячы на тое, што пра яго там дрэннае гавораць. Ён вельмі добры чалавек: у які заўгодна момант прыйдзі да яго – ён дапаможа! Яго трэба вызваліць, таму што ён вельмі патрэбны для ўсяго раёну і нават для ўсёй Беларусі».

«Я толькі хачу дадаць, што вось гэтага чалавека, якога зачынілі паўтары тысячы чалавек працуюць – зараз гэтыя паўтары тысячы на вуліцу выкінуць! Усіх!».

«Калі з ім нешта здарыцца, раён рухне наагул! Гэта чотка і ясна!».

– кажуць мясцовыя жыхары.

Што ж чакае аднаго з найбольш уплывовых будаўнікоў краіны?

Ды што заўгодна! Зважаючы на развіццё падобных карупцыйных скандалаў – ажно да вызвалення і апраўдання. Скажам, са шчодрай кампенсацыяй шкоды дзяржаве, якую затрыманаму налічыць дзяржава.

«Што будзе з Патрончыкам? Гэта будуць вырашаць ужо, відаць, на самым высокім узроўні. Але гэта сведчыць пра тое, што ў нас працуе не закон, перад якім усе павінны быць роўныя – ад прэзідэнта да дворніка, у нас працуе той, хто першы паспеў нашкодзіць іншаму чалавеку», – упэўнены Рыгор Кастусёў.

То бок роўнасць у Беларусі ўсё-такі ёсць. Праўда, не перад законам, а перад беззаконнем.

Валеры Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары