«Людзі мруць як мухі». Жыхары Берасця збіраюць подпісы супраць кітайскага заводу


Жыхары Берасця збіраюць подпісы супраць распачатага кітайскім падрадчыкам «Аньхойская вонкаваэкаканамічная будаўнічая карпарацыя» будаўніцтва акумулятарнага заводу кампаніі «iPower».

«Людзі мруць як мухі. Кітайцаў шмат, яны пра сябе пачалі клапаціцца. А колькі нас? Зусім нічога засталося», – кажуць людзі.

Гэткія шкодныя прадпрыемствы закрываюць нават у Кітаі, дзе пра экалогію асабліва не клапоцяцца. Берасцейскія ж улады абяцаюць новыя працоўныя месцы, а людзей больш хвалюе ўласнае здароўе, чымся чыесьці эканамічныя дывідэнды.

Жыхары Берасця кажуць:

«Я супраць, таму і стаўлю свой подпіс. І ўсе мае сябры супраць і буду агітаваць супраць. Таму што нельга забіваць свой народ. Народ корміць увесь урад, усіх чыноўнікаў, таму супраць народа нельга выступаць, цярпенне калі-небудзь скончыцца».

«Шмат подпісаў сабрала, бо людзі нават праз інтэрнэт даведваюцца і падыходзяць, кажуць спецыяльна прыехалі, каб пакінуць подпіс».

Для прыцягнення ўвагі да праблемы блогер Сяргей Пятрухін правёў адмысловы стрым на сваім ют’юбканале «Народны рэпарцёр», а неабыякавыя грамадзяне працягваюць распаўсюджваюць інфармацыю ў сацсетках.

«Мы хочам паўторныя грамадскія слуханні – гэта раз. І хочам паўторную, нармальную экалагічную экспертызу. Думаю гэтага рэальна дамагчыся, бо подпісаў сабрана дастатковая колькасць. Папярэдне ўжо сабралі 2 тысячы. Думаю за тыдзень дазбіраем, і 5-6 тысяч у нас будзе», – кажа сябар АГП Андрэй Кабанаў.

Петыцыю і копіі падпісных лістоў напрыканцы наступнага тыдня актывісты плануюць перадаць у Берасцейскі абласны савет дэпутатаў, мясцовы аблвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта і ў Палату прадстаўнікоў. Некаторыя мінакі палічылі, што падставіць свой подпіс – недастаткова, таму, каб далучыцца да справы, забіралі з сабою падпісныя лісты.

«Я дакладна ведаю, што вытворчасць акумулятараў – гэта шкодная вытворчасць і выкіды ў навакольнае асяроддзе. І я катэгарычна супраць гэтага», – кажа жыхар Берасця Яўген.

Жыхары супраць, чыноўнікі – за. І абяцаюць, апроч заводу для вытворчасці акумулятараў, у свабоднай эканамічнай зоне Берасця пабудаваць шэраг іншых прадпрыемстваў з кітайскім капіталам.

 

Наста Ільіна, «Белсат»