Лявон Вольскі праз 10 гадоў выступіў у Віцебску


У Віцебску адбыўся акустычны канцэрт Лявона Вольскага.

Гэта першы канцэрт музыкі за апошнія дзесяць гадоў. Менавіта канцэртам у Віцебску Лявон Вольскі адкрыў свой тур па вобласцях краіны. Фанатам Вольскага ў Віцебску пашчасціла двойчы – неўзабаве творца вернецца да іх з новаю праграмаю.

Код Віцебску 212. Менавіта ў бары з такой назваю прайшоў доўгачаканы акустычны канцэрт легенды беларускага року.

«Лявон у нас тут, ён ужо чэкініцца, вялікі гонар, што Лявон Вольскі ў нашым бары. Ужо так добра на душы стала, столькі гадоў не было і вось ён у нас. Шчаслівыя вельмі», – не хавае эмоцыяў арганізатарка канцэрту Алена Варона.

Публіка на канцэрце разнашэрсная, былі тыя, хто слухаў «Мрою» у 1990-х, і тыя, хто гадаваўся на творчасці «N.R.M». і напамяць ведае песні музыкі з розных праектаў. У тым ліку з «Народнага Альбому», каб узгадаць яго аўтара Міхала Анемпадыстава.

10 гадоў без канцэртаў Вольскага – не перапынак у творчасці, а існаванне чорных спісаў, нагадвае творца.

«Для мене дзіўна, што гэта адбываецца не за мяжой, ні ў Вільні, ні ў Беластоку. Бо шчыра кажучы, я ўжо прызвычаіўся там граць і туды запрашаць публіку», – кажа Лявон Вольскі.

Акрамя анансаванага туру па ўсіх абласных гарадах краіны, хутка, 21 красавіка, Вольскі вернецца ў горад над Дзвіною – гэткім разам з электрычнай праграмай. Цяперашняя «разведка боем» удалася.

НІ, belsat.eu