Ляўра Дальмаер стала ўладальніцаю другога залатога медаля на Алімпійскіх гульнях


Пасля золата ў спрынце сёння нямецкая біятланістка першынствавала і ў гонцы пераследу.

Дальмаер не пакінула шанцаў сваім апаненткам, нават змагла сабе дазволіць адзін промах на другім агнявым рубяжы і стала недасяжную для суперніц. На апошніх метрах дыстанцыі за срэбра пэрсьюту змагаліся Анастасія Кузьміна, якая выступае за Славаччыну, а таксама францужанка Анаіс Бэскон. У выніку ў фінішным спурце перамагла Кузьміна, якая апярэдзіла прадстаўніцу Францыі толькі на дзве сотыя секунды. Беларуска Надзея Скардзіна фінішавала 14-я, Ірына Крыўко – 17-я. Дар’я Домрачава намазала ажно 6 разоў, прычым на апошняй стойцы ў яе адразу 4 незакрытыя талеркі мішэні, а ў выніку – 37-я пазіцыя. У мужчынаў нарэшце золата заваяваў лідар сезону француз Мартэн Фуркад, беларускія лыжнікі са стрэльбаю – наступныя: Смольскі – 33-і радок, Чапелін – 36-ы, за ім адразу размясціўся Бачарнікаў.

Фігурнае катанне

У агульнакамандным турніры па фігурным катанні на зімовай Алімпіядзе перамагла зборная Канады. Спартоўцы з краіны кляновага лістка па выніках шасці відаў праграмы набралі 73 балы ды апярэдзілі найбліжэйшых пераследнікаў, алімпійскіх атлетаў з Расеі, у якіх срэбра, на 7 пунктаў. Бронзавыя ўзнагароды дасталіся фігурыстам са Злучаных Штатаў Амерыкі, у якіх 62 балы.

Перад апошнім днём каманднага турніру Канада апярэджвала расяянаў на 6 балаў. А сёння паўночнаамерыканскія фігурысты ўмацавалі сваю перавагу, выгуляўшы 2 віды адвольнай праграмы з трох: Патрык Чэн быў лідарам сярод адзіночнікаў, а Тэса Вэрчу і Скот Мойр выдалі найлепшы вынік у адвольным танцы. У заключны дзень цудоўны пракат паказала алімпійская атлетка з Расеі Аліна Загітава. Чэмпіёнка Еўропы выгуляла адвольную праграму сярод адзіночніц, набрала 158 цэлых і 8 сотых балу, і гэта стала найлепшым вынікам сезону ў свеце.

Тэніс

1/4-ая фіналу Кубка Федэрацыі не скарылася нашым дзяўчатам. На «Чыжоўка-арэне» беларускі прымалі каманду Нямеччыны, якой па выніках двухдзённага супрацьстаяння ў напружаным і да апошняга непрадказальным матчы саступілі 2:3.

У апошні дзень наша Вера Лапко прагуляла Тат’яне Мар’і 4:6, 7:5, 0:6, а затым Арына Сабаленка перамагла Антонью Лётнэр 6:3, 5:7, 6:2. Усё вырашыла парная сустрэча, у якой Сабаленка і Марозава выгулялі першы сэт на тайбрэйку ў нямецкага дуэту Грэнэфэльд / Марʼя, а затым зазналі паразу 5:7, 4:6. У выніку немкі ў паўфінале згуляюць з чэшкамі, якія ў ¼, дзякуючы іхнай лідарцы Пэтры Квітавай, нанеслі паразу камандзе Швейцарыі 3:1. Яшчэ ў адным чвэрцьфінале францужанкі на сваёй пляцоўцы перамаглі бельгіек 3:2. За выхад у галоўны старт турніру «трохкаляровыя» атрымалі сабе ў суперніцы зборную ЗША, якая не пусціла далей Нідэрланды. Менавіта амерыканкам беларускі саступілі ў фінале леташняга Кубка Федэрацыі, а цяпер мы пазмагаемся ў плэй-оф за права захаваць прапіску ў эліце.