Лябедзька пра міліцыю: «Гэта адрыжка савецкіх часоў»


Тэатр абсурду, які ўварваўся ў беларускую рэчаіснасць

Міліцыянты ў Баранавічах ганяюць і затрымліваюць людзей з чыстымі Аркушамі паперы. Таксама за кратамі тыя, хто толькі меў намер зрабіць гэта ж. Ці разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Сёння свой сімвалічны чысты Аркуш кіраўніку МУС Ігару Шуневічу аднёс Анатоль Лябедзька.

«Гэта такая акцыя салідарнасці з Кабанавым, з Паляковым, з Севярынцам… Гэта больш за 10 чалавек сёння, якія пасля 1-га траўня застаюцца за кратамі. Другое – гэта прапанова міністру Шуневічу на гэтым чыстым аркушы паперы напісаць рапарт і падаць у адстаўку», – заявіў лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Пад ударам журналісты

А карная сістэма працуе і не даруе таксама тым, хто нясе інфармацыю. Гомельскі журналіст Яўген Меркіс 31-га сакавіка вёў інтэрнэт-трансляцыю побач з ІЧУ, адкуль меўся выйсці вядомы блогер Максім Філіповіч. А ўжо сёння суддзя Алена Шайн у судзе Савецкага раёну Гомля прысудзіла журналісту 40 базавых велічыняў штрафу.

Спадар Меркіс абяцае надалей працаваць. Хаця сённяшні працэс ужо шосты для нашага калегі з пачатку вясны. На дзясяткі ідзе лік іншых працэсаў супраць журналістаў, а таксама найбольш актыўных.

«Тое, што адбылося 1 траўня, – гэта проста жах. Гэта нейкая адрыжка савецкіх часоў», – падсумоўвае Анатоль Лябедзька.

Наступствы «адрыжкі» адчувальныя па ўсіх франтах

6 траўня – чарговы суд над нашым гомельскім калегам Кастусём Жукоўскім. У кар’еры журналіста судоў было больш за 20, а пратаколы былі складзеныя больш за 30 разоў.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»