Лябедзька пра абяцанні Лукашэнкі: Улады працуюць па формуле «чык-чырык»


«Працаўладкуйце, калі ласка, сваіх жонак, мужоў, каханак і каханкаў, якія каля вас»

Скрайні тэрмін для выканання гэтага задання кіраўнік Беларусі даў чальцам ураду да 1 красавіка. Вынікамі мерапрыемстваў у гэтым кірунку сёння пацікавілася Аб’яднаная грамадзянская партыя.

«Куды працаўладкавалі гэтых жанчын ці гэтых мужчын? І потым параўнаем! Бо тое, што сёння прапануюць тым людзям, у каго няма працы, ім, у лепшым выпадку прапануюць: мяцёлка, рыдлёўка, граблі. Што яшчэ? А куды іх? Ім што, прапанавалі тую ж самую рыдлёўку ці мяцёлку?», – кажа Анатоль Лябедзька

Спадар Лябедзька тлумачыць – гэтым напаўжартаўлівым запытам ягоная партыя імкнецца прыцягнуць увагу да сур’ёзнай праблемы.

«Беларускія ўлады прызвычаіліся працаваць па формуле чык-чырык. Прачырыкалі нешта і не нясуць за гэта ніякай адказнасці. У нас няма ні грамадскага, ні парламенцкага кантролю», – падкрэсліў лідар АГП.

Аб’яднаная грамадзянская партыя абвяшчае, што зараз будзе браць на пільны кантроль усе заявы кіраўніцтва краіны і адсочваць іх выкананне.

А наш тэлеканал адсачыў лёс іншага гучнага загаду Аляксандра Лукашэнкі

«Значыць апраніце наручнікі тым, хто не давёў даведзеныя па майму даручэнню і ўраду гэтыя тарыфы. Апраніце, і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек», – загадаў Лукашэнка.

Загад прагучаў 22 лютага летась, пасля таго, як некаторыя беларусы атрымалі жыроўкі з плацяжамі, павялічанымі ў два разы. На наступны дзень Камітэт дзяржкантролю паведаміў пра завядзенне 13-ці крымінальных справаў у дачыненні працаўнікоў ЖКГ. Праз чатыры дні іх колькасць павялічылася да 17-ці. Пазней у прэсе з’явілася лічба 22.

Высветліць, чым скончыліся згаданыя крымінальныя справы, не атрымалася

Камітэт дзяржкантролю з гэтым пытаннем адпраўляе ў іншыя сілавыя ведамствы, а тыя ізноў у КДК. Нашыя ж крыніцы ў Міністэрстве ЖКГ сцвярджаюць, што аніводная крымінальная справа аб гэтак званых «тарыфах ад балды» не атрымала ходу.

Станіслаў Івашкевіч, Менск