Аб'ектыў 11.07.2017 Лукашэнка зрабіў рэверанс Захаду. Апазіцыя хоча дыялогу


Угрызацца ў еўрапейскі рынак, нарошчваць эканамічныя ўзаемадзеянні са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Лукашэнка падчас нарады аб прыярытэтах замежнай палітыкі чарговы раз вызначаў галоўныя мэты.

«Дзеля ўмацавання аўтарытэту краіны нам неабходна пашыраць кола дзелавых партнёраў і надзейных саюзнікаў, не канфліктаваць, а сябраваць з усімі. Прынцыпова важна развіваць супрацу з Усходам і Захадам, не робячы паміж імі выбару. Наладжваць кантакты трэба ўсюды», – даводзіў кіраўнік Беларусі.

Ці гэтак пачынаецца новая гульня з Захадам?

Сённяшнія заявы – працяг ранейшых дэкларацыяў і прапановаў з боку афіцыйнага Менску. Падчас адкрыцця 5-га ліпеня ў беларускай сталіцы Парламенцкай асамблеі АБСЕ Аляксандр Лукашэнка невыпадкова перайшоў да пытанняў бяспекі ва ўсёй Еўропе. У гэтым кантэксце кіраўнік Беларусі спрабаваў узяць на сябе ролю не толькі эканамічнага партнёра, але і міратворцы, а дакладней – пасярэдніка ў стварэнні новага хельсінкскага працэсу.

Да заяваў Лукашэнкі крытычна ставіцца апазіцыя

На думку апанентаў дзейных уладаў, гучныя дэкларацыі наконт замежнай палітыкі маюць за мэту схаваць ад заходніх партнёраў тое, што насамрэч адбываецца ўнутры Беларусі.

Адначасова з заявамі нязменнага кіраўніка падсумавалі апошнюю сесію Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску прадстаўнікі апазіцыйнай правацэнтрысцкай кааліцыі. Падчас адмысловай сустрэчы гучалі і пазітыўныя ацэнкі.

«Гэта вызваленне ўсіх фігурантаў «справы патрыётаў». Калі б сесіі не было ў Менску, калі б не было 2 крытычных для беларускіх уладаў праектаў рэзалюцыі – людзі сядзелі б у турме», – падкрэсліў Анатоль Лябедзька, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Рэзалюцыя не развязала самых балючых пытанняў.

З праекту выніковага дакументу пад назваю «Менская дэкларацыя» выключылі рэзалюцыю аб Усходняй Еўропе, у гэтым дакуменце вялася гаворка пра шматлікія парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне.

Гэтак ці інакш, улады Беларусі ды іхныя прыхільнікі святкуюць перамогу.

Дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, лібералізацыя нормаў рэгістрацыі палітычных партыяў, спыненне пераследу апанентаў – менавіта такую працу над памылкамі, згодна з патрабаваннямі АБСЕ, мусяць зрабіць у Беларусі. Ці зробяць? Справа сумнеўная. Са свайго боку правацэнтрысцкая кааліцыя заявіла пра гатовасць стварыць пляцоўку для перамоваў аб гэтых пытаннях з прадстаўнікамі ўлады.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: president.gov.by

Глядзі таксама
Каментары