Лукашэнка зноў паляцеў у Кіеў. Што яму трэба ад Парашэнкі?


Вайна і гандаль. Аляксандр Лукашэнка другі раз за чатыры месяцы накіроўваецца з візітам ва Ўкраіну.

Сельгастэхніка, цяжкавікі, камунальны транспарт, нафтапрадукты і ўгнаенні – ва Ўкраіну. А ў Беларусь, перадусім – металы ды жывёльныя кармы. Сёлета, ужо другі год запар, беларуска-украінскі гандаль паказвае заўважнае ажыўленне.

Гандаль ужо не той

Двухбаковы гандаль цяпер складае толькі крыху больш за палову таго, што было ў 2012-м годзе. З тых часоў эканоміка Ўкраіны, на фоне захопу Крыму і Данбасу, зменшылася, у доларавым эквіваленце, амаль удвая. Дарэчы, як і беларуская, без усялякіх войнаў. На мінулай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Пятром Парашэнкам ва Ўкраіне тры месяцы таму, бакі дамаўляліся як хутчэй наблізіцца да ранейшых паказнікаў.

Што прадаем, што купляем?

Сёлета ў разы павялічыўся экспарт ва Ўкраіну беларускіх цяжкавікоў. Украіна – нарасціла пастаўкі ў нашую краіну свайго мяса. Штопраўда, адзначаюць адмыслоўцы, за гэтым ажыўленнем стаіць не толькі эканамічны рост дзвюх краінаў, але і кантрабандныя схемы.

Беларусь, у сваю чаргу пастаўляе ва Ўкраіну прадукты перапрацоўкі расейскай нафты, якія расейскім кампаніям стала цяжэй пастаўляць туды наўпрост. Апрача таго, на базе МАЗу, Кіеў наладзіў зборку вайсковых аўтамабіляў.

«Беларусь дамагаецца пашыранага доступу на ўкраінскі рынак свайго цэменту і зняцця шэрагу абмежавальных мытаў. Узамен Лукашэнка абяцае палітычную падтрымку», – распавёў аналітык Ігар Тышкевіч.

Напружанасць у стасунках прынеслі беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні

Украінскія аглядальнікі адзначаюць, што тамтэйшыя палітычныя эліты ставяцца да палітычынага балансавання афіцыйнага Менску з насцярожанасцю.

У Кіеве Лукашэнка прабудзе да пятніцы. Заўтра ў праграме – беларуска-украінскі эканамічны форум.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum