Аб'ектыў 13.09.2018 Лукашэнка: знішчыў мясцовае самакіраванне і кажа, што хоча вярнуць


Амаль 25 гадоў кіравання Лукашэнка будаваў вертыкаль улады, знішчаючы мясцовае самакіраванне. Цяпер ён гатовы вярнуць тое, што было калісьці забрана. Што праўда, не цалкам і за еўрапейскія грошы.

Самакіраванне – забытая і малапрыярытэтная для Беларусі тэма. Тым не менш, у Менску завяршыўся круглы стол, прысвечаны дэцэнтралізацыі ўлады, арганізаваны Саветам Рэспублікі супольна з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы, з кіраўніцай якой сустрэўся Аляксандр Лукашэнка.

«Мясцовае самакіраванне, рэгіянальнае кіраванне, кіраванне рэгіёнамі – гэта даволі істотная ў сучасным свеце тэма. І тое, што Рада Еўропы надае гэтай тэме вялікую ўвагу, дарагога вартае» – скаментаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі трапна адзначыў, што тэма важная ва ўсім свеце, але дакладна не ў Беларусі. Варта прыгадаць, што нашая краіна адзіная ў Еўропе не падпісала Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання. Але яшчэ ў сярэдзіне 1990-ых у Беларусі не было вертыкалі ўлады. Віктар Карніенка, былы намеснік Гомельскага гарвыканкаму распавядае:

«Знішчэнне самакіравання была адной з першых акцыяў у 1994-м годзе пасля абрання спадара Лукашэнкі. Не выпадкова гэта было зроблена, бо ў аўтарытарную мадэль улады самакіраванне ніяк не ўпісваецца. Таму разважанні пра наданне ці пашырэнне нейкіх паўнамоцтваў – гэта смешна».

Але праз больш як 20 гадоў, якія мінулі з ліквідацыі беларускага самакіравання, улады зноў вярнуліся да гэтага пытання. Міхаіл Мясніковіч, Кіраўнік Савету Рэспублікі:

«Беларусь 28 гадоў самастойна ажыццяўляе развіццё ў палітычным і эканамічным, міжнародным плане. Мяркую, што напрацаваны ўжо дастаткова сур’ёзны багаж, каб нейкія кампетэнцыі перадаць на мясцовы ўзровень. Ёсць аб’ектыўныя перадумовы для пэўнай дэцэнтралізацыі».

Атрымліваецца, што тыя самыя людзі, якія руйнавалі самакіраванне ў 1990-ыя, цяпер зноў збіраюцца яго будаваць. Ды яшчэ і выдаюць гэта за нейкае дасягненне. Пры гэтым у Менску сёння неяк па-свойму разумеюць, што такое самакіраванне. Той жа Мясніковіч як прыклад прыводзіць правядзенне ў рэгіёнах «Года малой радзімы» або стварэнне камісіяў для спрыяння занятасці насельніцтва. Варта нагадаць, што абедзве ініцыятывы паўсталі не на месцах, а былі спушчаныя ўладнай вертыкаллю з Адміністрацыі прэзідэнта.

«Ініцыятывы зверху аморфныя і неактыўныя, яны абсалютна ні да чаго не прыводзяць. Толькі ініцыятывы знізу, ад грамадзянаў, маюць права на жыццё і звычайна прыводзяць да вынікаў» – тлумачыць Алесь Зарэмбюк, дэпутат мастоўскага раённага савету 2003–2007.

Дык для чаго, а дакладней для каго афіцыйны Менск збіраецца гуляцца ў гэтак званае дэлегаванне паўнамоцтваў з цэнтру на месцы? Можа, сакрэт у тым, што еўрапейцы гатовыя такую рэформу падтрымаць. Найперш фінансава. Антон Раднянкоў, адмысловец у тэме развіцця рэгіёнаў (IDEABY.ORG):

«Канечне, ніякае шчырасці ў гэтым няма. Сістэма не гатовая змяняцца. Бо ў бягучай, вельмі вертыкальнай сістэме, лёгка кантраляваць усіх чыноўнікаў, ад самага верху да самага нізу. Можна прыехаць у нейкую мясцовасць, учыніць разнос чыноўнікаў і на наступны дзень проста змяніць кіраўніка гораду. Калі людзі самі будуць абіраць кіраўнікоў, то нельга будзе прыехаць у тую ж Воршу, на ўсіх накрычаць і старшыню гарвыканкаму звольніць».

Таму Аляксандру Лукашэнку выгадная сістэма, дзе і органы самакіравання і органы кіравання – ёсць дзяржаўнымі органамі ўлады. Не важна, што гэта пярэчыць здароваму сэнсу, самому паняццю «самакіраванне» і падпісанай усёй Еўропай, акрамя Беларусі, Еўрапейскай Хартыі. Пра чый інтарэс найперш клапоціцца такое «самакіраванне» тлумачыць, хіба, не трэба.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота: Alexander Shcherbak / TASS / FORUM

 

Глядзі таксама
Каментары