Лукашэнка заявіў, што расейцы не гатовыя да інтэграцыі


«Мы не збіраемся ваяваць, але ўрокі з мінулага мы здабылі», – пракаментаваў кіраўнік Беларусі ў інтэрвʼю тэлеканалу «Мір» апошнюю сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, якая адбылася ў панядзелак у расейскім Санкт-Пецярбурзе. Лукашэнка прызнаў доўг Менску перад Масквой за газ і паабяцаў яго пагасіць.

Саюзнікі дамовіліся, але саюзнік усё наракае і наракае

Што ж датычыць непасрэдна дамоўленасцяў у межах Саюзнай дзяржавы, то падчас інтэрвʼю Лукашэнка наракаў на няроўныя ўмовы гандлю на агульным рынку – маўляў, праз забароны Масквы нам даводзіцца і сабекошт прадукцыі скарачаць, і плаціць меншы заробак айчынным працаўнікам.

«Мы што, ствараем канкурэнцыю вашым прадпрыемствам? Практычна не, бо рынак свабодны. Тое, што ў нас кошты ніжэйшыя і якасць лепшая, – гэта не прычына, каб нас гнабіць і не пускаць на рынак», – кажа кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка не хоча станавіцца расейскім губернатарам

А яшчэ, паводле кіраўніка краіны, цяжка праводзіць мадэрнізацыю прадпрыемстваў, бо праз забароны Расеі на ўвоз беларускай прадукцыі змяншаецца прыбытак.

«Калі Аляксандр Лукашэнка хоча ад Масквы тое ж самае, што хоча любы расейскі губернатар, але пры гэтым не хоча станавіцца расейскім губернатарам, то, канешне, гэта можна скідваць на імперскія адносіны», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Што ж да панядзелкавых дамоўленасцяў пра газ і нафту ў Санкт-Пецярбурзе, то сёння яны працягваюцца ўжо ў Маскве. Расейскі бок у асобе віцэ-прэмʼера Аркадзія Дварковіча заявіў, што ўзнаўленне ранейшых абʼёмаў экспарту нафты з 13 красавіка, а таксама зніжка на газ у наступным годзе будуць магчымыя толькі ў тым выпадку, калі Беларусь у поўным абʼёме аплаціць доўг за газ. Ці дамовіцца Менск з Масквой гэтым разам, улічваючы той факт, што і раней сустрэчы на высокім узроўні не заўсёды развязвалі набалелыя пытанні?

«Для прэзідэнтаў важна заявіць, што яны дамовіліся, у нас усё нармалёва, мы такія мудрыя, галасуйце за нас, мы ўсё зробім. А потым, калі нешта не атрымліваецца, можна заўсёды гэта скідваць на канкрэтных Данквертаў, на канкрэтных іншых чыноўнікаў, якія чамусьці раптам перашкаджаюць расейска-беларускай інтэграцыі», – тлумачыць Віталь Цыганкоў.

Але і гэта не заўжды. У тым жа ж інтэрвʼю тэлеканалу «Мір» кіраўнік Беларусі заявіў, што да інтэграцыі не гатовыя менавіта расейцы і расейскае кіраўніцтва.

Віталь Бабін, «Белсат»