Аб'ектыў 24.04.2018 Лукашэнка заўважыў, што ў людзей няма працы


Падчас звароту да народу і парламенту Лукашэнка выказаўся і пра неабходнасць сумленна працаваць, каб зрабіць жыццё лепей. Але акурат з магчымасцю знайсці годную працу і ўзнікаюць праблемы. Хоць афіцыйная статыстыка дае аптымістычныя паказнікі, якія, што праўда, ніяк не хочуць увязвацца з рэчаіснасцю. Заўважыў гэта і сам Лукашэнка.

Паводле міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, у краіне расце колькасць вакансіяў, беспрацоўе складае ўсяго палову адсотка. Звонку сітуацыя выглядае проста цудоўна, працоўных месцаў у Беларусі – толькі выбірай. Але ці сапраўды так?

Першае пытанне, якое ўзнікае да выказвання міністра, датычыць канкрэтных прыкладаў новых вакансіяў ды заробкаў, што прапаноўваюцца. Бо пакуль што заявы чыноўнікаў носяць больш агульны характар. Магчыма, уладзе варта бліжэй прыгледзецца да рэчаіснасці?

«Я Касцевіч прапанаваў бы калі-нікалі праехаць у метро. Раней там было шмат вакансіяў, куды можна было працаўладкавацца. Цяпер там, апроч «Еўраопту», нічога няма. Гэта гаворыць пра тое, што, напрыклад, у Менску няма нармальных вакансіяў з добрым заробкам», – кажа старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

А між тым, Белстат рапартуе аб павелічэнні сярэдняга заробку па краіне да амаль 930 рублёў. Можа, хтосьці недагаворвае?

«Неабходна бачыць рэальныя праблемы, а не маніпуляваць лічбамі», – заяўляў Лукашэнка.

Паводле экспертаў, сёння мінімальны спажывецкі бюджэт складае Br 420. У той жа час, напрыклад, толькі на Маладзечанскім заводзе металаканструкцыяў працаўнікі ўжо паўгода атрымліваюць па 200 рублёў. А апошнія тры месяцы заробку яны не бачылі зусім. І гэта далёка не ўнікальны выпадак.

«Сёння мясцовым уладам без грошай, без праектаў, без новых працоўных месцаў нельга тых людзей, асабліва ў рэгіёнах, працаўладкаваць хоць бы на гэтых 400–500 рублёў беларускіх. Няма такой магчымасці! І кіраўнікі баяцца гаварыць гэтую праўду. І вось гэтай праўды, я думаю, Лукашэнку і не стае», – працягвае Фядыніч.

Цікава, што амаль год таму Аляксандр Лукашэнка ўжо звяртаў увагу чыноўнікаў на беспрацоўе. І будаваў проста напалеонаўскія планы.

«Да першага мая ўсе людзі павінны быць на працы! Усе павінны быць працаўладкаваныя», – заяўляў Лукашэнка яшчэ год таму.

Аднак ужо набліжаецца першага траўня наступнага года. Але, як мы бачым, сітуацыя на рынку працы як мінімум лепшая не становіцца, нягледзячы на заявы міністраў ды на статыстыку.

Зміцер Міцкевіч; фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Глядзі таксама
Каментары