Лукашэнка заклікаў не пазычаць, а доўг усё расце


«Мы не плануем больш ніякім пазыкаў» – гэтая заява Аляксандра Лукашэнкі прагучала роўна пяць гадоў таму. А летась ён сказаў: «Мы за пяць гадоў вырашым праблему пазыкаў. І цягам пяці гадоў мы плануем, разлічыўшыся па пазыках, ніколі не пазычаць. Абыходзіцца без пазычання».

З моманту той заявы доля дзяржаўнага доўгу павялічылася з 38% да 48% валавога ўнутранага прадукту За апошнія тры гады яна павялічылася ўтрая, а за дзесяцігоддзе – амаль у восем разоў. Раней у гэтым месяцы адмыслоўцы Сусветнага банку папярэдзілі, што, сыходзячы з існых дзеянняў уладаў, за наступную пяцігодку даўгавая нагрузка на нашую краіну павялічыцца яшчэ ў паўтара разу.

«Калі краіна сутыкнецца з адсутнасцю магчымасці рэфінансаваць – з адсутнасцю магчымасці пазычаць новыя грошы, каб вярнуць старыя даўгі – гэта значыць, што ўраду і Нацбанку прыйдзецца купляць валюту на біржы, каб вяртаць валютныя даўгі, а гэта можа прывесці да моцнага скачка курсу», – сказаў Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары».

Між тым, на сённяшняй нарадзе, кіраўнік краіны запатрабаваў ад ураду залучаць замежныя крэдыты яшчэ больш актыўна.

«Грошай у свеце дастаткова. Вядома, ніхто раскідвацца імі ня будзе, але Беларусь мае добрую крэдытную гісторыю. Мы ніколі нікому не былі вінныя і не плануем мець пратэрмінаваныя крэдыты. Таму, трэба гэтым скарыстацца і працаваць», – сказаў Лукашэнка.

Паводле праекту бюджэту на наступны год, выплата толькі адсоткаў па атрыманых крэдытах складзе 15% ад дзяржаўных выдаткаў. Гэта – удвая больш, чым летась. Адмыслоўцы канстатуюць – далейшае нарошчванне запазычанасці азначае, што ўсё большая частка бюджэтных выдаткаў будзе ісці на выплату адсоткаў па гэтых крэдытах пакідаючы менш на сацыяльныя выдаткі.

«З апорай на ўнутраныя рэсурсы мы зможам жыць значна горш, мець меншыя даходы, менш спажываць», – сказаў Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары».

Раней у гэтым месяцы дырэктар беларускай стаблізацыйнай праграмы ад Еўразійскага фонду Алішэр Мірзоеў заявіў, што нарошчванне замежнай запазычанасці адбываецца з-за таго, што Менск не спыняе фінансаванне стратных прадпрыемстваў, замест таго, каб зачыніць іх, а на зэканомленыя грошы павялічыць дапамогу беспрацоўным, як гэта прадугледжвалася праграмай.

Паводле Еўразісйкага фонду, дзяржаўны доўг Беларусі ўжо на тры адсоткавыя пункты перавышае парог, які крэдытор лічыць бяспечным. Паводле міжнароднага агенцтва Мoodyʼs Беларусь цяпер знаходзіцца толькі на адну прыступку вышэй за пераддэфолтны стан. Адмыслоўцы асцерагаюцца, што рэалізацыя патрабавання Аляксандра Лукашэнкі павялічыць налета сярэдні заробак да 500 $ можа акурат саштурхнуць краіну з гэтай перадапошняй прыступкі.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu