Лукашэнка загадаў, каб Статкевічу не давалі месца для сну?


Як заўсёды, з усмешкаю і ў добрым настроі. Пасля пяці дзён на Акрэсціна Мікола Статкевіч перакананы, навошта яго затрымлівалі.

«Не даюць магчымасць зладзіць нармальную вулічную акцыю […], нейтралізуюць мяне як лідара», – кажа палітык.

У першую ноч на Акрэсціна, распавядае Статкевіч, месца, дзе можна пакласціся, яму давялося патрабаваць у працаўніка ізалятару. На што супрацоўнік Акрэсціна заявіў, маўляў гэта асабісты загад Лукашэнкі.

Рэгіянальныя актывісты пачынаюць адбываць тэрміны за кратамі

Магілёвец Раман Мішчанка з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, які падаваў заяўку ў гарвыканкам на правядзенне акцыі першага траўня, правязе за кратамі 15 дзён.

Маладзёна за зачыненымі дзвярыма судзіла суддзя Ленінскага раёну Аксана Ратнікава. Тая ж, што выносіла прысуды і іншым незалежным актывістам. Гэтым разам прызнаць Мішчанку вінаватым не перашкодзіла і тое, што апазіцыйнай акцыі ў Магілёве ўвогуле не было. А праваабаронцу Барыса Бухеля, які прапанаваў падаць хадайніцтва, суддзя папросту выгнала з залы суда.

Працэс, што мае быць адкрытым, абстаўлены так, што на яго не магчыма трапіць ні гледачам, ні абаронцам.

11 дзён арышту прысудзілі актывісту з Бярозы

Аляксандр Кабанаў ініцыяваў акцыю ў Берасці з чыстымі аркушамі. Яго прэвентыўна затрымалі першага траўня: у дзверы кватэры блогера Дзмітрыя Гарбунова, дзе гасціў Кабанаў, пагрукаліся людзі ў цывільным. Кабанава судзілі нібыта за непадпарадкаванне міліцыі ды за арганізацыю несанкцыянаванай масавай акцыі. Гарбуноў атрымаў 10 дзён арышту.

Сіўчыка затрымалі?

Лідара руху «Разам» Вячаслава Сіўчыка людзі ў цывільным выцягнулі з маршруткі ды вывезлі ў невядомым кірунку. Актывіст вяртаўся ў сталіцу з Барысава, дзе ён прамаўляў на акцыі з нагоды гадавіны галоднага бунту 32-га года.

Марына Вашкевіч, «Белсат»