Лукашэнка заблытаўся і выпадкова распавёў нязручную праўду пра эканоміку


Гэтак Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў патлумачыць расейскім журналістам выгады беларускай эканамічнай мадэлі. Але тут жа сам выкрыў штукарства ўраду Беларусі з эканамічнымі прагнозамі. Запрошаныя на канферэнцыю афіцыйныя агенцтвы вырашылі пакінуць гэтае прызнанне па-за аб’ектывамі тэлекамераў, таму прыводзім ягоныя словы цытатаю.

«У гэтым годзе на 2% упадзе, як і ў Расеі. У наступным годзе нам прадказваюць падзенне на 1%-1,5% ВУП».

Будзе горш, але невядома наколькі

Паводле афіцыйнага прагнозу ўраду Беларусі, сёлета айчынная эканоміка мае, наадварот, вырасці на 0.3 %, а налета – таксама вырасці – ужо на 1.5 %. Зрэшты, тое, што ўрадавыя прагнозы ў разы больш аптымістычныя за рэчаіснасць – не навіна. Гэтак адбываецца апошнія восем гадоў. Цікава тое, што агучаны Лукашэнкам прагноз падзення ВУП на наступны год у разы горшы нават за прагнозы міжнародных фінансавых арганізацыяў. Міжнародны валютны фонд, напрыклад, прадказвае Беларусі налета падзенне эканомікі ўсяго на 0.5 %.

Тое, што ўнутрыўрадавы прагноз – горшы за ацэнку МВФ, магчыма, тлумачыцца тым, што міжнародныя крэдыторы выходзяць на сваю лічбу, зыходзячы з таго, што беларускія ўлады будуць чыніць тыя рэформы, якія абяцаюць. Самыя ж улады, ведаючы, што гэтага не будзе, загадзя рыхтуюцца да ўтрая горшага выніку. Віну за эканамічны спад у Беларусі кіраўнік краіны традыцыйна ўсклаў на расейскія праблемы.

Беларусь больш не можа канкураваць

Адмыслоўцы прызнаюць, што расейскі чыннік грае сваю ролю, але адзначаюць важны момант. Сярод усіх краінаў СНД, закранутых расейскім крызісам, Беларусь – адзіная, каму МВФ прадказвае працяг рэцэсіі налета. Прычына, паводле іх – неканкурэнтаздольнасць мадэлі дзяржаўнага кіравання эканомікай, якая перастала даваць рост яшчэ ў 2013 годзе – яшчэ на піку нафтавых коштаў ды аб’ёму расейскага рынку.

«Усе эканамісты недзяржаўнага сектару – адзіныя ў тым, што трэба праводзіць тыя глыбокія структурныя рэформы, якія патрабуюць ад нас крэдыторы», – упэўнены прафесар эканомікі Барыс Жаліба.

Горшыя ў СНД

Незалежныя адмыслоўцы падкрэсліваюць, што калі вонкавыя чыннікі спрычынілі праблемы ўва ўсіх краінах СНД, то Беларусь – адзіная з іх, хто не мае механізму выйсця з гэтага крызісу – нават у выпадку здаражэння вуглевадародаў.

Даўгі дабіваюць эканоміку

Адзін з асноўных камянёў, які цягне айчынную эканоміку ўсё глыбей на дно, – назапашаны аб’ём замежных крэдытаў, якія ўлады набралі за мінулае дзесяцігоддзе. Калі летась выплаты адных толькі адсоткаў па гэтых крэдытах склалі 1.5 ад ВУП, то сёлета – ужо чатыры. То бок пазыковая піраміда спрычынілася сёлета да падзення айчыннай эканомікі ў разы больш, чым, напрыклад, нафтагазавы канфлікт з Расеяй.

Станіслаў Івашкевіч, Менск