Аб'ектыў 13.10.2017 Лукашэнка забараніў дроны, каб схаваць сваё багацце


Памятаеце як пад Шаршунамі будавалі чарговую рэзідэнцыю для Аляксандра Лукашэнкі, ад якой ён пазней адкрэшчваўся?

Дык вось, ніякіх новых кадраў адтуль не будзе

Міністэрства абароны Беларусі паклапацілася, каб побач з рэзідэнцыяй «Краснасельскае» ніхто больш лётаць не змог. Пастановай Міністэрства абароны паветраная зона над гэтым месцам унесеная ў спіс забароненых для палётаў, разам з іншымі афіцыйнымі дзяржаўнымі рэзідэнцыямі кіраўніка краіны.

«Усе гэтыя аб’екты са спісу там аказаліся таму, што па гэтых трасах ездзіць Лукашэнка, там ягоныя рэзідэнцыі. Усё робіцца для таго, каб ніхто ніякім чынам не мог перашкодзіць картэжу і зазірнуць за той плот, які абараняе першую асобу ў нашай дзяржаве», – тлумачыць прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Паветраная журналістыка ў Беларусі набірае ўсё большую папулярнасць

Яшчэ 2-3 гады таму мы не бачылі і не чулі пра гэта. А зараз выходзіць усё болей сюжэтаў з выкарыстаннем дронаў. Можна прыгадаць і Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях і абарона Курапатаў, расследаванне на Белсаце…

Адметна, што ў спіс з 80-ці абʼектаў патрапілі нават не ўсе вайсковыя аэрадромы краіны, затое там аказаліся ўсе вядомыя месцы адпачынку Аляксандра Лукашэнкі: «турыстычны» у двухкоссі комплекс на беразе возера Волас Паўночны, рэзідэнцыя «Азёрны» пад Астрашыцкім гарадком, Нарач, Ляскавічы, Александрыя, Дразды, спартыўныя комплексы ў Менску і Ждановічах, і нават дарогі, якімі часцей за ўсё перамяшчаецца Аляксандр Лукашэнка ці ездзіць у школу ягоны сын Мікалай.

Зоны над рэзідэнцыямі распрацаваныя і пазначаныя такім чынам, што нават падняўшы дрон на максімальна дазволеную вышыню ў 100 метраў пабачыць нейкія дэталі проста немагчыма.

Дык а што чакае таго, хто парушыць гэтую забарону?

Аб гэтым мы запыталіся намесніка кіраўніка нядаўна ўтворанай Беларускай федэрацыі беспілотнай авіяцыі.

«Шчыра прызнацца, нават я, як прадстаўнік Беларускай федэрацыі беспілотнай авіяцыі не магу вам сказаць пра нейкія штрафныя санкцыі. Хутчэй за ўсё пытацца трэба Міністэрства абароны. Мы нават не да канца ўяўляем, хто будзе кантралёрам. Дэ-юрэ мы, як авіямадэлісты падлягаем міністэрству транспарту і інфраструктуры, дэпартаменту авіяцыі, а значыцца кантраляваць нас павінна транспартавая інспекцыя», – мяркуе Глеб Бандарык.

Гэта тое, што тычыцца аматараў з дронамі. Нашмат вастрэй стаіць пытанне для тых, хто займаецца паветранымі здымкамі камерцыйна. Такія прадпрымальнікі ў Беларусі, усцяж застаюцца па-за межамі айчынных законаў.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Yekaterina Shtukina / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары