Лукашэнка забараніў беларусам глядзець «дэструктыўнае» ў інтэрнэце


Указ кіраўніка краіны «Аб удасканаленні парадку выкарыстання інфармацыйнай прасторы» падрыхтавалі ў Міністэрстве сувязі. Пра гэта Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамілі ў Аператыўна-аналітычным цэнтры пры прэзідэнце Беларусі. Але больш інфармацыі не падалі. У сваю чаргу ў Міністэрстве сувязі заявілі, што нічога не ведаюць пра гэты дакумент.

Гэта сакрэтна?

Або гэты закон распрацоўвала не міністэрства сувязі, што малаверагодна, бо менавіта яны будуць займацца блакаваннем, або гэтаму заканадаўчаму акту нададзены грыф сакрэтнасці.

Пакуль невядома, якія менавіта захады для рэгулявання інтэрнэту ў Беларусі рыхтуюцца прыняць на заканадаўчым узроўні, але суразмоўцы «Белсату» падкрэсліваюць: спробы блакавання сайтаў і працы цэлых рэдакцыяў былі і раней, без дадатковых законапраектаў.

З чаго ўсё пачалося?

У часе рэспубліканскага педсавету, які адбыўся два тыдні таму, кіраўнік краіны заявіў: абмежаванні ў сеціве неабходныя «не ў тым, каб дзесьці закрыць інтэрнэт, нейкія сайты «пятай калоны». Блакаванне будзе датычыць «дэструктыву», «суіцыдаў і іншага». Пры гэтым у выступе Лукашэнка адзначыў: сеціва надзвычай моцна ўплывае на моладзь.

Дадатковую занепакоенасць выклікае той факт, што да дэструктыўнай інфармацыі сілавікі раней адносілі не толькі сайты, праз якія, напрыклад, можна было замовіць наркотыкі, але і фотаальбом па выніках конкурсу «Прэс-фота Беларусі – 2011».

«Тыя спосабы блакіроўкі, якія існуюць на сённяшні дзень, яны дазваляюць абмяжоўваць інфармацыю па звычайных пратаколах, але існуюць інструменты ў грамадства, створаныя разумнымі людзьмі, якія дазваляюць атрымаць тую інфармацыю, якую я шукаю», – распавядае Уладзімір Варабʼёў, адмысловец па кампʼютарнай бяспецы.

Улады Беларусі ідуць у расейскім кірунку

Усходнія суседзі нашай краіне хочуць цалкам пазбавіць карыстальнікаў сеціва ананімнасці. На заканадаўчым узроўні ў Расеі забаранілі сэрвісы «VPN» і «Тоr». Але самі расейцы цвердзяць, што на практыцы забарона, хутчэй за ўсё, працаваць не будзе.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum