Аб'ектыў 20.04.2017 Калінкіна: Будзе вінаваты хто заўгодна, але толькі не Лукашэнка



Ужо сёння Аляксандр Лукашэнка выканае адзін са сваіх канстытуцыйных абавязкаў – выступіць у Авальным зале. Зазвычай у сваім пасланні да народу і Нацыянальнага сходу кіраўнік Беларусі акрэслівае мэты на бліжэйшы год.

Мэты заўсёды досыць амбіцыёзныя і аптымістычныя. У якой ступені былі рэалізаваныя леташнія задачы, напярэдадні новай порцыі абяцанняў, разбіралася Вольга Старасціна.

Штогод Аляксандр Лукашэнка скіроўвае адмысловае пасланне да беларусаў і Нацыянальнага сходу. Кіроўныя эліты нязменна падтрымліваюць усё сказанае першаю асобай у краіне.

Беларусы ж усё болей выказваюць расчараванне ў словах і дзеяннях кіраўніка краіны

«Ён толькі кажа, але нічога не робіць», – кажа жыхар Гомлю.

Іншы заўважае:

«Што ад яго можна пачуць? Ён толькі абяцае, абяцае!»

Летась у сваім пасланні Аляксандр Лукашэнка дамагаўся ад урадоўцаў не толькі ажыццяўлення рацыянальнай, на ягоную думку, пенсійнай рэформы:

Паспрыяць выкананню якога мелася стварэнне новых месцаў працы.

«Магутным ходам была лічба 50 тыс. працоўных месцаў ствараць у год як нейкае прарыўное дзеянне, але я хачу сказаць, што ў Беларусі 4,5 млн працоўных, а 50 тыс. месцаў – гэта крыху больш за 1 %«, – адзначае эканаміст Леанід Заіка.

Замест тысячаў працоўных у краіне з’явіліся тысячы дармаедаў. Насуперак планам не выраслі заробкі ды пенсіі, не спыніўся рост коштаў. Інакш кажучы, замест запланаваных прарываў у эканоміцы – суцэльныя правалы.

«Будзе вінаваты хто заўгодна – сусветны крызіс, ворагі, чыноўнікі, народзец дрэнны, але толькі не ён сам. Гэта традыцыйныя ягоныя адгаворкі і прамовы. Самае галоўнае, што ён сваіх памылак не разумее і выпраўляць іх не мае намеру. Гэта самае страшнае, бо гэта не дае надзеі на паляпшэнне», – мяркуе журналістка Святлана Калінкіна.

Ад гэткай безнадзеі сёлета ў сталіцы і рэгіёнах людзі выйшлі на акцыі пратэсту, але ўлады іх не пачулі. Не пачуюць і заўтра: падчас паслання да народу і Нацыянальнага сходу задаваць пытанні Лукашэнку змогуць толькі прысутныя ў Авальнай зале чыноўнікі, але наўрад ці яны запытаюць пра тое, што турбуе людзей.

За 22 гады кіравання Лукашэнка ў сваіх пасланнях ставіў самыя розныя задачы перад урадоўцамі і народам, але мэты змяніць штосьці на самым высокім узроўні – ніколі не было.

Чытайце таксама:

Глядзі таксама
Каментары