Лукашэнка ў Ашгабаце. За што Туркменістан плоціць Беларусі?


Эканамічнае дасягненне, ці Пацёмкінская вёска? Аляксандр Лукашэнка прыбыў сёння з візітам у Туркменістан для адкрыцця Гарлыкскага калійнага камбінату, што будавалі беларускія кампаніі.

Напярэдадні старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч далажыў кіраўніку краіны, што за выкананне гэтага праекту Ашгабад ужо пералічыў Менску $ 700 млн. – больш, чым Беларусь вінная Расеі за газавы доўг. Наколькі афіцыйныя паведамленні адлюстроўваюць рэальную сітуацыю і чаго чакаць беларусам ад гэтага візіту?

Найбуйнейшы замежнаэканамічны праект у гісторыі Беларусі

7 гадоў таму айчынная кампанія Белгорхімпрам атрымала падрад на будаўніцтва Гарлыкскага калійнага камбінату ў Туркменістане на $ 1 млрд.

Урачыстае адкрыццё новапабудаванага горнаўзбагачальнага Аляксандр Лукашэнка і яго туркменскі калега Гурбангулы Бердымухамедаў маюць правесці ў часе трохдзённага візіту кіраўніка Беларусі ў Ашгабад, які стартаваў сёння.

Будаўніцтва суправаджалася шэрагам скандалаў

Летась бакі нават абмяняліся ўзаемнымі абвінавачаннямі ў сабатажы: Менск заявіў, што Ашгабад ня плаціць за выкананыя работы, а туркменскі бок канстатаваў, што беларусы своечасова не паставілі аплочаную тэхніку.

«У першым паўгоддзі летась Белгархімпрам, што будуе камбінат, уваходзіў у пяцёрку самых стратных арганізацыяў Беларусі і нават прасіў пад гарантыі ўраду крэдыт на $ 25 млн. – для завяршэння будаўніцтва. Аляксандр Лукашэнка, аднак спадзяецца, што праект прынясе рэпутацыйныя выгады, якія манетызуюцца пры новых замовах», – распавядае эксперт Леанід Фрыдкін.

«Гэта – сігнал усяму свету, што мы можам адкрыць любую шахту і здабываць там ня толькі калійныя ўгнаенні, але і любыя карысныя выкапні», – фанабэрыўся кіраўнік Беларусі.

Камбінат мусіў запрацаваць пазалетась, але ўсцяж не гатовы

Палепшылі беларускія будаўнікі сваю рэпутацыю ў Туркменістане ці наадварот, пытанне спрэчнае. Будаўніцтва Гарлыкскага калійнага камбінату, распачатае ў 2010 годзе, мела завяршыцца яшчэ два гады таму. Але і зараз прэзідэнты, падобна, правядуць толькі сімвалічную інаўгурацыю.

«Туркменскія калегі з Радыё Свабода кажуць, што гэты камбінат дагэтуль яшчэ не гатовы да пуску, але афіцыйнае адкрыццё будзе падчас афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі», – дадаў палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Прынамсі склады разгрузілі

Нягледзячы на сумнеўную прыбытковасць праекту, цягам апошніх сямі год ён дапамагаў разгружаць склады беларускіх прадпрыемстваў. З 2010-а па 2013-ы гады беларускі экспарт у Туркменістан, у тым ліку цяжкавікоў і будаўнічай тэхнікі, павялічыўся ў чатыры разы і перасягнуў $ 300 млн., але апошнія гады – зноў падае. Летась крыху перасягнуў $ 300 млн., і працягнуў зніжацца сёлета ў студзені.

Нягледзячы на гэта, напярэдадні візіту Аляксандр Лукашэнка чарговы раз заявіў, пра планы на мільярд долараў двухбаковага таваразвароту. За кошт чаго – з афіцыйных паведамленняў – незразумела.

Станіслаў Івашкевіч, Менск. фота: president.gov.by