Лукашэнка супраць Канстытуцыі. Беларусы абураныя


Дзень Канстытуцыі – дзень абароны самых асноўных правоў грамадзянаў. Відавочна толькі на словах. Кіраўнік краіны чарговы раз казаў сёння пра шчаслівае жыццё ў Беларусі, а на вуліцы выйшлі тысячы людзей, незадаволеных дзеяннямі ўлады. Людзі абураныя, што Канстытуцыя застаецца толькі на паперы ды служыць толькі чыноўнікам. Як найвышэйшы закон краіны стаў служкаю ўлады?

Нялюдскі дэкрэт

Дэкрэт Лукашэнкі «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» апошнімі тыднямі вывеў на вуліцы тысячы людзей. Супраціў выклікала намаганне дзяржавы забраць у маламаёмных грамадзянаў апошнія грошы.

Нялюдскі дэкрэт, які пярэчыць Канстытуцыі. Гэтак называюць новаўвядзенне кіраўніка краіны ягоныя крытыкі.

«Па-першае, гэта дэкрэт, а не закон. Я хачу жыць па законах».

«У Канстытуцыі не прапісана, што мы мусім плаціць дзяржаве».

– мяркуюць жыхары Менску.

Канстытуцыйны суд заплюшчыў вочы

Аднак інакш лічыць асноўны орган, задача якога бараніць найвышэйшы закон краіны. Канстытуцыйны суд нарэшце адказаў на скаргі шматлікіх грамадзянаў паводле справы дэкрэту № 3.

«Прабелаў, калізіяў і прававой неакрэсленасці з канстытуцыйна-прававым значэннем, якія могуць быць падставаю для завядзення Канстытуцыйным судом вытворчасці ў справе, не выяўлена», – заявілі ў Канстытуцыйным судзе.

Да таго ж, паводле Канстытуцыйнага суда, грамадзяне Беларусі маюць толькі ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя. Права на прапанову аб правяранні законаў маюць, між іншымі, кіраўнік краіны, Палата прадстаўнікоў і Савет Міністраў.

Як такое становішча ацэньваюць адмыслоўцы?

«Ёсць артыкул у Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам судовую абарону. Гэта норма непасрэднага дзеяння. Суды абавязаныя разглядаць усе скаргі грамадзянаў, калі яны звязаныя з парушэннем правоў чалавека. У дадзеным выпадку гэта адкрыта ігнаруецца. У дадзеным выпадку Канстытуцыйны суд не мае рацыі», – патлумачыў Міхаіл Пастухоў, былы суддзя Канстытуцыйнага суда.

У сваю чаргу эксперты кажуць пра шэраг іншых парушэнняў, якія нясе сам дэкрэт і падатак на дармаедаў. Самае галоўнае – увядзенне новай формы прымусовай працы, у той час, калі, паводле найвышэйшага закону, праца ў Беларусі – гэта права, а не абавязак. Апроч гэтага, пад грашовыя спагнанні трапілі асобы, якія з розных прычынаў не змаглі працаўладкавацца, у тым ліку апекуны малых дзяцей і састарэлых бацькоў.

«Фактычна ўведзены збор не прадугледжаны заканадаўствам. Ён парушае дзейны парадак. Ён уводзіцца не законам а дэкрэтам прэзідэнта», – дадаў спадар Пастухоў.

Чаму незаконны дэкрэт немагчыма абскардзіць у Канстытуцыйным судзе?

Паводле крытыкаў улады, просты: кантрольны орган цалкам падпарадкаваны Лукашэнку.

«Палову сябраў Канстытуцыйнага суда прызначае прэзідэнт. Старшыня таксама прызначаецца прэзідэнтам. Калі раней яны былі незалежныя, яны абіраліся Вярхоўным саветам, то цяпер большая палова непасрэдна падпарадкаваная кіраўніку краіны», – зазначыў Мечыслаў Грыб, былы старшыня Вярхоўнага Савету 12-га склікання.

Змены ў фармаванні складу Канстытуцыйнага суда былі ўведзеныя ў 1996 годзе

Менавіта тады структура стала на перашкодзе ва ўвядзенні зменаў у найвышэйшы закон. Рэферэндум, з Лукашэнкам, меўся істотна пашырыць прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Аднак, паводле заключэння Канстытуцыйнага суда, галасаванне мела выключна рэкамендацыйны характар. Інакш лічыў дзейны прэзідэнт. І гэта быў пачатак працэсу, які назвалі замахам на Канстытуцыйны суд.

«Фактычна за 21 год ніводнай сурʼёзнай справы, гучнай справы аб парушэнні заканадаўства не разглядалася. Усё выглядае, як быццам гладка, усё роўна, ніякіх праблемаў няма», – абураецца Мечыслаў Грыб.

Сёння кіраўнік краіны віншаваў грамадзянаў з Днём Канстытуцыі. Паводле яго, найвышэйшы закон гарантуе дабрабыт і годныя ўмовы жыцця. Некаторыя параілі Лукашэнку праехацца вуліцамі Менску ці паглядзець трансляцыі з маршаў недармаедаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»