Лукашэнка схапіў новых карупцыянераў, якіх сам прызначаў


«Літасці ў дачыненні карупцыянераў не будзе», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы новага старшыню Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. За тры тыдні крымінальныя справы заведзеныя супраць больш як трыццаці чыноўнікаў з трох міністэрстваў. Чым выклікана антыкарупцыйная кампанія, і якія будуць яе вынікі?

Хабары памерам да 350 тысяч долараў, больш за 50 фігурантаў і 15 мільёнаў добраахвотна кампенсаваных стратаў. Крымінальную справу, распачатую супраць функцыянераў сістэмы аховы здароўя, эксперты называюць адным з самых маштабных карупцыйных працэсаў у гісторыі Беларусі.

«Гэта, фактычна, частка сістэмы. Усе так працуюць: і Міністэрства аховы здароўя, і Міністэрства прамысловасці, і Міністэрства сельскай гаспадаркі. Гэта толькі маленькая частка тых стратаў, якія зазнаюць бюджэт і ўся краіна», – кажа Яраслаў Раманчук з навукова-даследчага цэнтру «Мізэса».

У справе фігуруюць 33 чыноўнікі. КДБ агучыў імёны чатырох. Дырэктара Цэнтру экспертызаў Аляксандра Сталярова абвінавачваюць у атрыманні хабару за дзяржаўную рэгістрацыю лекаў. За падтасоўку тэндараў на набыццё медычнага абсталявання затрыманыя функцыянер Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Мінабароны Аляксей Яськоў.

А ў дырэктара дзяржаўнай кампаніі «Медтэхніка», якое займаецца мантажам і рамонтам медычнага абсталявання, падчас ператрусу ў гаражы знайшлі 620 тысяч долараў.

«Разам больш за 50 чалавек. Фактычна, яны прызналі віну і супрацоўнічаюць са следствам», – заявіў кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык.

Анансаваць шэраг карупцыйных справаў Аляксандр Лукашэнка паабяцаў тры тыдні таму, адразу пасля Арышту свайго памочніка Сяргея Раўнейкі.

«Звярнулі ўвагу на гэты факт, а ён жа не адзін. Іх, на жаль, напэўна з дзясятак. І днямі вы пачуеце яшчэ новыя факты. Яны ўжо сядзяць там, у следчым ізалятары».

За гэты час у медыях з’явіліся паведамленні пра расследаванне справы былога міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка, затрыманні галоўнага доктара Менскага абласнога клінічнага шпіталю Андрэя Каралька, галоўнага патолагаанатама сталіцы Аркадзя Пучкова.

А сёння стала вядома пра самагубства Вячаслава Сцяпуры – начальніка Нясвіжскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага свету. Ён быў фігурантам яшчэ адной гучнай карупцыйнай справы.

Не выключана, што ў час крызісу ўлады вырашылі дысцыплінаваць чыноўнікаў і падняць сваю папулярнасць. Ці пацвердзяцца ўсе агучаныя КДБ факты – пакуль не вядома.

«Мы б усё змаглі зрабіць, хацелі зрабіць, але праклятыя карупцыянеры не даюць нам, псуюць усю эканоміку краіны […] Цяпер заяўляецца, што ў нас дарагія лекі, бо ў нас карупцыянеры. Давайце разбірацца. Пабачым, чым гэтыя гісторыі скончацца ў судах», – кажа журналіст «Белгазеты» Віктар Федаровіч.

Звычайныя беларусы карупцыю сур’ёзнай праблемай не лічаць, але антыкарупцыйныя кампаніі падтрымліваюць.

Жыхары Менску:

«Шмат якія структуры, якія займаюцца сертыфікацыяй, маюць пэўныя праблемы».

«Троху бяруць, але не моцна бяруць».

«Сярод іх ёсць людзі, якія бяруць. Тым больш, што цяпер па тэлевізары пра гэта паведамілі».

«Я сам чыноўнік, таму шчыра кажу – там нармальныя людзі».

Нягледзячы на чысткі сярод чыноўнікаў, патэнцыял для карупцыі застаецца, лічаць эксперты. Менш забюракратызаваным і больш празрыстым дзяржапарат не становіцца. Але скандал у медыцыне можа балюча ўдарыць па іміджы кіраўніка Беларусі. З сістэмай аховы здароўя сутыкаецца кожны, і кожны ведае, што чыноўнікаў на галоўныя пасады прызначае менавіта Аляксандр Лукашэнка.

«Я заўсёды папярэджваю іх, але яны выбралі сабе гэтае жыццё. Гэта іхны лёс».

Аляксандр Папко belsat.eu