Пафігісцкае стаўленне да даручэнняў кіраўніка краіны. Гэтак Лукашэнка выказаў сваю незадаволенасць працай ураду ды анансаваў неабходнасць кадравых зменаў кабінету міністраў. Сёння свае пасады ўжо страцілі міністры прамысловасці і архітэктуры.
Нічога не могуць зрабіць без кіраўніка Беларусі – то асфальт пакладуць у траву, то суседнія прадпрыемствы не ў стане дамовіцца пра набыццё прадукцыі адно ў аднаго. Дык яшчэ і хібы на прадпрыемстве хаваюць, але пільнае гаспадарчага вока ніякага бруду не прапусціць.
« – Што за перагародкай?
– За перагародкай стаіць абсталяванне на спісанне.
– Адчыніце дзверы… Навошта звалку тут зрабілі»?
Гэткі дыялог прагучаў ўчора. Сёння Аляксандр Лукашэнка вычарпаў запас пагрозаў і папрокаў і перайшоў да дзеянняў.
«На гэтым тыдні ўнесці прапановы аб замене ўсяго кіраўніцтва ўраду. Усёй вярхушкі з рэзерваў кадраў, якая мною сфармаваная! Хопіць глядзець ім у рот, і яны ўсё будуць нам распавядаць, як ім складана. У бухгалтэрыі зарыліся! Усіх да аднаго»!
Пакуль не ўсіх, а толькі міністраў архітэктуры – Анатолія Чорнага, і прамысловасці – Віталія Воўка. Не вядома, ці пойдзе за імі прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, які ўсяго тры месяцы таму не пабачыў ніякіх праблемаў на тым жа прадпрыемстве. Аднак нават у Беларусі з-за адных толькі брудных цахоў урад не здымаюць.
«Ужо насоўваецца выбарчая кампанія, можа, будзе праз год, можа праз паўтара, але хутка. Няма гэтай тысячы рублёў. Вось яшчэ адсюль гэты гнеў і злосць, і ляцяць гром і маланкі на ўсіх гэтых урадоўцаў. Дык яшчэ і Расея бярэ за горла. Ідуць адтуль паведамленні, што хочуць прыкруціць кранік і ў сэнсе нафтапрадуктаў, і ў сэнсе фінансавым», – кажа кіраўнік інфармацыйных праектаў БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.
Таксама Лукашэнка заявіў пра службовую неадпаведнасць дзяржсакратара Савету Бяспекі Беларусі Станіслава Зася і старшыні Дзяржкамваенпраму Алега Дзвігалева. У чым канкрэтна правініліся апошнія – не паведамляецца. Што ж да знятых міністраў, то цяжка ўявіць іншую еўрапейскую краіну, дзе міністэрскі партфель адбіралі б за такія правіны.
«Ён сядзеў, не мог дах адрамантаваць – выканаць загад прэзідэнта! Хто меў права адмяняць мае рашэнні? Усё трэба было кінуць сюды, каб паказаць, што прэзідэнт у краіне ёсць, і ён кіруе краінаю!» – крычаў на чыноўнікаў Лукашэнка.
Гэтую сцэну, толькі з іншымі акторамі, бачым ужо 24 гады. Можа, праблема не ў баярах, а цар штосьці робіць не так? Жыхары Менску з парадамі Аляксандру Лукашэнку.
Жыхары Менску:
«Я думаю, ніякія парады тут не дапамогуць, бо ёсць людзі, якія не слухаюць ніякіх парадаў. Ёсць людзі, якія прызвычаіліся лічыць, што яны ведаюць лепш».
«Ад улады сысці, вось і ўсё. Простае рашэнне. Усё тады будзе добра, трэба кіраваць не калгасам, а краінай».
«Які б ні быў, сямі пядзяў у лобе, ніхто – ні прэзідэнт, ні міністр, нічога не зробіць адзін».
А хто ж, калі не ён? Хто іншы адрамантуе той шматпакутны дах у вольны ад выканання міністэрскіх абавязкаў час?
«У Лукашэнкі прагучала, маўляў, давайце мне прапановы з кадравага рэзерву – то бок, гэта людзі з другога эшалону наменклатуры. Не з Месяца, не адкуль – а людзі, якія звыклі гуляць у гэтай сістэме. Лукашэнка яе змяняць не збіраецца, а таму ад пэўных персаналіяў ува ўрадзе мала што залежыць», – кажа Аляксандр Класкоўскі.
І як тут будаваць ІТ-краіну, пра якую марыць Лукашэнка, калі на рамонт у цаху патрэбны цэлы міністр.
УШ belsat.eu