Лукашэнка распачаў паказальную антыкарупцыйную чыстку?


Улады Беларусі чарговы раз распачалі антыкарупцыйныя чысткі. Сёння Следчы камітэт краіны абвесціў пра завяршэнне расследавання справы пяці кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Чыноўнікі бралі хабары ад дастаўнікаў за тое, каб своечасова выплачвалі грошы за пастаўленую прадукцыю. Але ці не паказальная гэта гісторыя перад новымі палітычнымі захадамі?

Закуплялі кармы і ветэрынарныя прэпараты, а, каб своечасова за іх заплаціць, патрабавалі 10 адсоткаў «адкату». У гэткіх злачынствах Следчы камітэт звінаваціў намесніка дырэктара Менскай гародніннай фабрыкі, а таксама дырэктараў Слонімскага мясакамбінату, Смалявіцкага райаграсэрвісу і яшчэ трох кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Жодзіна, Вілейкі ды Барысава.

«Глядзіце, мужыкі, лепш жабраком, але на волі, чым багатым – там», – заявіў нядаўна Аляксандр Лукашэнка.

Напярэдадні суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў турмой на 3,5 гады былога кіраўніка Пінскага раённага шпіталю і кіраўніка лабараторнай дыягностыкі гэтага ж шпіталю за хабар. Паводле гомельскага парталу «Моцныя навіны», старшыня тамтэйшага райвыканкаму Аляксандр Сітніца, які ўжо тыдзень не з’яўляецца на працы, – фігурант праверкі на прадмет магчымай карупцыі. Як рэагуюць на чарговую чыстку беларусы?

«У нас аб’ёмы крадзяжу – смешныя».

«Карупцыя ў нас развітая. Нягледзячы на тое, што нам публічна кажуць, што яе няма».

«Часта саджаюць стрэлачнікаў».

«Усе аб гэтым ведаюць і ўсе аб гэтым маўчаць, толькі «Белсат» кажа».

Рэгулярныя паказальныя зачысткі карупцыянераў у Беларусі, як правіла, узмацняюцца напярэдадні важных палітычных падзеяў, кшталту анансаванага нядаўна рэферэндуму аб змене Канстытуцыі. Менавіта на гучных антыкарупцыйных справаздачах дэпутат Вярхоўнага Савету Лукашэнка і зарабіў сабе папулярнасць, якая занесла яго ў прэзідэнцкае крэсла. Праўда, паводле яго тагачасных парламенцкіх калегаў, стаўшы прэзідэнтам, Лукашэнка не пакараў аніводнага фігуранта сваіх дэпутацкіх антыкарупцыйных дакладаў.

«Не тое, што ніхто з дакладаў антыкарупцыйных Лукашэнкі ня быў пакараны, а нават пасады атрымалі менавіта тыя, хто, на мой погляд, меў прыналежнасць важную да карупцыі», – мяркуе Віктар Карняенка, былы намеснік старшыні гарвыканкаму Гомля.

На думку экспертаў, карупцыя ў Беларусі стала менш заўважнай для звычайных людзей, але раскраданне рэсурсаў на дзяржаўных прадпрыемствах – праз падстаўныя фірмы-пасярэднікі, звязаныя з дырэкцыяй ці сілавымі ведамствамі, – пашыраная зʼява.

«У гаспадарку ўліваецца 2 мільярды долараў, а выходзіць 1. Мільярд долараў раскрадаецца», – кажа Сяргей Скрабец.

Як паказала расследаванне «Белсату» ў галіне энергетыкі, кіраўніцтва дзяржаўных прадпрыемстваў дае манапольны статус на падрады шэрагу абраных фірмаў, абараняе іх ад канкурэнцыі і аплачвае іх працы ў некалькі разоў вышэй за рынкавыя кошты. Самі высокапастаўленыя энергетыкі, у сваю абарону, заяўлялі нам, што аналагічная схема дзее і ў «Белнафтахіме», і ў Міністэрстве архітэктуры, і ўвогуле ва ўсіх галінах эканомікі, дзе асноўнымі прадпрыемствамі валодае дзяржава.

«Сродкі барацьбы з карупцыяй добра вядомыя. Гэта – падзел уладаў, свабода прэсы, гэта – кантроль народу над уладай праз выбары, і ўсе гэтыя інстытуты Лукашэнка, адразу, як прыйшоў да ўлады, пачаў абмяжоўваць, а пасля – проста знішчыў», – кажа Карняенка.

Улады Беларусі – адзіныя з 49-ці чальцоў Групы дзяржаваў у барацьбе з карупцыяй Рады Еўропы, хто забараняе гэтай арганізацыі публікаваць справаздачы аб сітуацыі з карупцыяй у сваёй краіне.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»