Аб'ектыў 29.11.2017 Лукашэнка прыняў Назарбаева. Што стаіць за візітам кіраўніка Казахстану?


Мы падтрымліваем адзін аднаго ўсюды і заўжды. Мы самыя блізкія дзяржавы. З такімі словамі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да прэзідэнта Казахстану Нурсултана Назараева, які прыбыў у Менск з двухдзённым афіцыйным візітам. Нахвальваў Лукашэнка і эканамічную супрацу паміж краінамі. Аднак эксперты сумняюцца ў шчырасці лідараў.

Рыхтаванне да візіту казахстанскага калегі кіраўнік Беларусі пачаў яшчэ напярэдадні, падчас развітальнае размовы з амбасадарам Казахстану ў нашай краіне Ергалі Булегенавым.

«У нас няма палітычных рознагалоссяў, мы аднолькава глядзім на парадак дня міжнародных адносін. Словам, разыходжанняў у нас няма практычна ніякіх», – сказаў Лукашэнка.

А ў эканамічным плане перад краінамі наагул – толькі светлая будучыню, – Менск спадзяецца падняць узаемны тавараабарот да мільярда долараў. Праўда, паводле эксперта, калі паміж краінамі і ёсць праблемы, то менавіта тут.

«Казахстан – толькі 13 эканамічны партнёр Беларусі – гэта пасля Італіі, Турцыі, нават Бразіліі. Хоць Казахстан і Беларусь разам уваходзяць і СНД і ў Еўразійскі эканамічны саюз і ў АДКБ, але доля Казахстана -0,8% у беларускім гандлі», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

У выніку гэты запаветны мільярд сёння азначаў бы актывізацыю гандлёвых адносінаў больш як удвая. Таму галоўная мэта сённяшняй сустрэчы – хутчэй зверка пазіцыяў перад заўтрашнім візітам Уладзіміра Пуціна. Бо і афіцыйны Менск, і Астана маюць падобныя меркаванні датычна інтэграцыйных праектаў Крамля.

«Тут тыя, ці іншыя ініцыятывы, якія вылучае расейскі ўрад – яны быццам бы наўпрост не пераследуюць гэтую мэту, але фактычна вядуць да страты рэальнай незалежнасці, як палітычнай, так і эканамічнай. Таму малыя, так званыя, краіны, як Казахстан, Беларусь і Кыргызстан будуць супраціўляцца ініцыятывам Пуціна», – кажа экс-міністр гандлю Казахстану Мухтар Аблязаў.

З эканамічнага гледзішча Расея займае абсалютна дамінуючую пазіцыю як у АДКБ, гэтак і ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Не кажучы ўжо пра беларуска-расейскую саюзную дзяржаву. Але гэтага Крамлю мала.

«Расея ўвесь час імкнецца гэты саюз палітызаваць, зрабіць яго больш геапалітычным, чымся эканамічным. Расея прапануе нейкія наднацыянальныя органы кіравання, пераходзіць на адзіную валюту. І тут пазіцыі Беларусі і Казахстана супадаюць – яны супраць гэтага», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Відавочна таму Назарбаева ў Менску прынялі традыцыйна цёпла.

«Цяпер мы незалежныя суверэнныя дзяржавы і наша любоў і павага да казахстанцам менш не сталі. Мы заўсёды рады таму, як развіваецца Казахстан. Нашы беларусы – ужо кожны пабываў у вашай цудоўнай Астане», – кажа Лукашэнка.

Тым жа беларусам, хто ў Астане яшчэ дагэтуль не пабываў, варта ведаць, што ў Казахстану і Беларусі сапраўды шмат агульнага. Галоўнае адрозненне ў тым, што большасць казахстанскіх прадпрыемстваў фактычна перабываюць у руках Назарбаева і ягонага атачэння.

«І яны досыць адкрыта легальна зарабляюць мільярды долараў. А ў вас гэта прыкрыта – такая паўсавецкая мадэль. Змест нічым не адрозніваецца – тое самае: прыгнёт свабоды слова, няма апазіцыі, жорсткая палітычная мадэль. Яны падобныя, проста для Назарбаева яна больш выгадная«, – кажа экс-міністр гандлю Казахстану Мухтар Аблязаў.

То бок Нурсултан Назарбаеў у гасцях у Лукашэнкі, спрабуючы калі не сысці, дык хоць бы запаволіць крамлёўскую інтэграцыю, дбае, хутчэй, пра ўласны бізнес, а не толькі пра суверэнітэт краіны.

 

Глядзі таксама
Каментары