Лукашэнка правядзе парад па-багатаму, каб усіх уразіць


Анонс параду на Дзень Незалежнасці ад адразу пяці высокіх чыноўнікаў – ад самога Лукашэнкі і кіраўніцтва яго адміністрацыі, да прэмʼера і галоўных сілавікоў краіны. Прысутныя прызналі, што эканамічная сітуацыя ў краіне няпростая, але…

«Сродкаў на гэта шкадаваць ня трэба, да таго ж гэта не такія ўжо і вялікія сродкі. Калі мы ўжо вырашылі праводзіць парад, то народ павінен бачыць, што такое беларуская армія, чым яна займаецца – не толькі армія, а і іншыя роды войскаў. Гэта павінен быць сапраўды, уражваючы парад», – падзяліўся Аляксандр Лукашэнка.

Колькі каштуе парад?

Сказаць цяжка, мы ведаем толькі лічбу за 2009-ы год, калі тады відавочна сціплае ў параўнанні з сёлетнім шоў відовішча, абышлося ў $ 50 млн. Толькі рамонт дарожнага пакрыцця, які знішчаць танкі каштуе $ 15 за метр. Навошта такія выдаткі ў чарговы крызісны год?

«Ідэалогія, што выкарыстоўвалася да гэтага часу – цяпер не дзейсная, пасля падзеяў ва Украіне засталося з ідэалогіі толькі падзеі Другой сусветнай вайны. Па-сутнасці гэта піяр на крыві нашых дзядоў і бацькоў – тых, хто загінуў на гэтай вайне», – мяркуе палітык Мікола Статкевіч.

Дзень Незалежнасці мае яднаць народ

Але як можа яднаць гадавіна вызвалення аднаго гораду, якую мы святкуем 3-га ліпеня? Улады намагаюцца нанова збудаваць нацыянальную свядомасць, старымі захадамі.

«Не танкамі найперш трэба. Трэба найперш моваю, культурай нацыянальнай, пачуццём нацыянальнай свядомасці, але з гэтым складана – прасцей з такім савецкім падыходам, каб ехалі гэтыя пачвары і лязгалі гусеніцамі», – упэўнены палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Чым збіраюцца ўразіць гледачоў арганізатары?

«Значная частка не ведае, чым жыве цывільная Беларусь. Нават у гэтыя няпростыя часы. Бо ёсць жа што паказаць і гэта надоўга застаецца ў памяці людзей», – даводзіць кіраўнік Беларусі.

Раней парады на дзень незалежнасці сапраўды цяжка было забыць – хакеісты пад ліпеньскім сонцам і знакамітая беларуская ваза – гэтых элементаў на ўрачыстасцях 3-га ліпеня не было ўжо некалькі гадоў.

«Беларусы – не расейцы. Гэта тыя могуць сядзець галодныя і ў брудзе, але ганарыцца, што нас усе баяцца. Беларус усё ж такі хоча найперш дабрабыту – нават у афіцыйным гімне спяваецца, што мы Беларусы – мірныя людзі», – даводзіць спадар Класкоўскі.

Статкевіч заклікае выйсці на вуліцы

На мірную акцыю запрасіў у Дзень Незалежнасці палітык. Беларускі Нацыянальны кангрэс будзе патрабаваць адмены верасеньскіх вучэнняў і вызвалення зняволеных па гэтак званай справе «белага легіёну»

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: BelTa / ITAR-TASS / Forum