Лукашэнка плануе зарабіць на іранскай нафце?


Іранская нафта ўзамен на беларускую тэхніку. Пра бартар, што прынамсі часова дазволіць Беларусі скараціць імпарт чорнага золата з Расеі, паведамілі іранскія медыі са спасылкаю на амбасадара Ірану ў нашае краіне. Тым не менш афіцыйны Менск паспяшаўся зняпраўдзіць інфармацыю. Чым тлумачыцца несупадзенне і ці ёсць у Беларусі альтэрнатыва ў нафтавым пытанні?

Іран хваліцца, Менск зняпраўджвае. Такая сітуацыя здарылася 10 гадоў таму, калі беларускія дыпламаты адмовіліся прызнаць перамовы аб пастаўцы Тэгерану сістэмаў супрацьпаветранай абароны С-300. Сёння аналагічная сітуацыя паўтарылася адносна новай здзелкі – іранская нафта ўзамен на беларускія трактары.

Магчымасць атрымаць іранскую нафту з вялікаю зніжкаю з’явілася сёлета, калі прэзідэнт ЗША Доналд Трамп у аднабаковым парадку аднавіў санкцыі супраць Ірану, адмененыя пры ягоным папярэдніку Бараку Абаму. Тэгеран у адказ заявіў, што будзе закупляць тэхніку толькі ў тых краінаў, якія, насуперак пажаданню Вашынгтону, працягнуць набываць у яго вуглевадароды.

«Беларускі бок хацеў бы пакуль захаваць у тайне гэтыя перамовы, ва ўсялякім разе, на этапе іх пакуль абмеркавання», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Адмыслоўцы тлумачаць: угода для Менску можа быць надзвычай выгодная, асабліва на фоне падатковага манеўру ў Расеі, які, як чакаецца, падыме цану расейскай нафты для Беларусі да сусветнага ўзроўню. Гэта, як прагназуюць адмыслоўцы, можа азначаць канец беларускай эканамічнай мадэлі.

«Сёння Беларусь атрымлівае нафту прыкладна па 80% ад сусветнага кошту, а гэта будзе – 100%», – распавядае аглядальніца выдання «Белрынок» Таццяна Манёнак.

Летась Беларусь ужо імпартавала дзве партыі нафты з Ірану. Бакі сцвярджаюць, што пастаўка была выгодная для ўсіх, але далей за два танкеры продажы не прасунуліся. Найбуйнейшы беларускі праект імпартазамяшчэння ў справе нафты ажыццяўляўся з 2010-га да 2012-ты год, калі нашая краіна, нібыта імпартавала штогод мільёны тонаў з Венесуэлы. Але, як паказала расследаванне расейскай «Новой газеты», насамрэч гэтая нафта магла быць і не венесуэльскай. Мноства ўскосных доказаў сведчыла пра тое, што пад выглядам венесуэльскіх вуглевадародаў у Беларусь паступала расейская сыравіна, вывезеная кантрабанднымі шляхамі пад выглядам мазуту.

«У найбліжэйшыя 6 гадоў, у выніку рэалізацыі падатковага манеўра, расейская нафта будзе станавіцца даражэй для Беларусі, з усімі адмоўнымі наступствамі, якія выцякаюць», – гаворыць Аляксандр Муха, аналітык BUSINESSFORECAST.BY.

Адмыслоўцы адзначаюць: у сённяшняй сітуацыі, калі бальшыня еўрапейскіх краінаў незадаволеная з новых амерыканскіх санкцыяў супраць Ірану і хоча працягваць з ім гандляваць, але так, каб не раззлаваць Вашынгтону, Лукашэнка атрымлівае магчымасць прадаваць розным бакам паслугі шэрага пасярэдніка, здымаючы за гэта свой адсотак. На гэтым могуць зарабіць некаторыя чыноўнікі і блізкія да іх бізнесоўцы, як гэта было 15 гадоў таму, калі Беларусь удзельнічала ў скандальнай праграме «Нафта ўзамен на харчы» для рэжыму Садама Хусэйна ў Іраку. І, хоць афіцыйны Менск гэтую ўгоду сёння зняпраўдзіў, існуе высокая імавернасць таго, што дамова прынамсі прапрацоўваецца.

«Галоўная выснова: спробы беларускага кіраўніцтва атрымліваць нафту з іншых крыніцаў закончыліся дрэнна. Закончыліся са знакам мінус», – кажа Карбалевіч.

Але ў тым, што гэтыя ўгоды могуць даць альтэрнатыву расейскай нафце, апытаныя намі адмыслоўцы сумняюцца. Праблема – у недастатковай мадэрнізаванасці беларускіх НПЗ. У 2010-м годзе Менск запусціў пяцігадовую праграму ўдасканальвання Мазырскага ды Наваполацкага заводаў, у якую інвеставаў больш за 3 мільярды долараў, каб давесці глыбіню перапрацоўвання да 92 %. Цяпер 92 % абяцаюць дасягнуць па выніку новай пяцігодкі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»