Лукашэнка перад складаным выбарам: або прыватызацыя, або яшчэ горш


«Мы знаходзімся ля небяспечнейшай рысы… Не зробім хаця б паўкрокі наперад – баюся нават сказаць, што можа адбыцца!», – Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі вымагае росту эканамічных паказнікаў, прэм’ер-міністр краіны знайшоў яго нават у нулі. 0,3 % – такі рост валавога ўнутранага прадукту за першы квартал сёлета.

«Мы разлічваем, што гэта ўстойлівы трэнд…», – спадзяецца беларускі прэмʼер.

Незалежныя эканамісты ацэньваюць інакш

«Гэта мізэрны зрух у межах памылкі вымярэння», – упэўнены эканаміст Міхась Залескі.

І тым больш не «ўстойлівы трэнд» ці тэндэнцыя росту, бо галоўныя эканамічныя паказнікі ўсцяж падаюць:

«Да базавых тэндэнцый належыць партфель заказу, занятасць у прамысловасці і інвестыцыі. Гэтыя тры паказнікі скарачаюцца», – тлумачыць эканаміст.

Шок! Заробкі растуць!

На гэтым фоне сапраўдным беларускім цудам выглядае рост заробкаў, не нулявы, а на цэлы 1 %.

«У сакавіку сярэдні заробак у Беларусі склаў больш за 770 рублёў. Калі вы памятаеце, то на пачатку года ён быў 720», – радасна рапартаваў спадар Кабякоў.

Сакрэт поспеху – новыя крэдыты

Чым жа калі не ростам валавога ўнутранага прадукту забяспечыць рост заробкаў да запаветных $ 500ў? Улады Беларусі маюць правераны рэцэпт – узяць чарговы крэдыт. Самы танны з магчымых – ад Міжнароднага валютнага фонду. Але дзеля яго атрымання патрэбна правесці рэформы, сярод якіх – прыватызацыю стратных прадпрыемстваў. Улады з 90-хгадоў абяцаюць яе ажыццявіць.

Эфект Лукашэнка прапануе цягнуць бервяно

«Раз, два, тры – паклалі на плячо і панеслі!», – камандаваў Лукашэнка на суботніку, прапануючы падначаленым цягнуць бервяно.

Гэтак падымалі эканоміку сто гадоў таму. Гэткія ж метады ўжываць і цяпер прапаноўвае ўлада, абраная ў мінулым стагоддзі.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Alexei Nikolsky / TASS / Forum