Аб'ектыў 27.01.2017 Лукашэнка пасадзіў 11 бізнесоўцаў. Астатнім абяцае эканамічную лібералізацыю


Пернік і пуга. Сёння Аляксандр Лукашэнка жорстка выказаўся на адрас затрыманага ў сераду знанага прадпрымальніка Аляксандра Кныровіча. Бізнесоўцу і 10-ці іншым фігурантам гэтай справы пагражае турэмнае зняволенне. Адначасова, кіраўнік краіны робіць сімвалічны крок насустрач бізнесу. Сёння ён асабіста правёў паседжанне рабочай групы па вырашэнні праблем прадпрымальніцтва. Што адбываецца? Закручванне гаек ці эканамічная лібералізацыя?

Каментар кіраўніка краіны ў гэтай справе гучаў бескампрамісна

«На іх кляйма ставіць няма дзе. І літасці да махляроў не будзе ніякай», – казаў Лукашэнка.

Паводле прэс-рэлізу КДБ, працаўнікі холдынгу «Сармат», які належыць Кныровічу, давалі хабар працаўнікам ЖКГ у аб’ёме ад 2 да 5 % з угоды. Тыя ў адказ дапамагалі бізнесоўцам у падачы заявак на тэндары для пастаўкі камунальнай гаспадарцы трубаў ды іншай прадукцыі «Сармата». Агулам арыштавана 11 працаўнікоў холдынгу. Адметна, аднак, што справа была раскручаная пасля таго, як Кныровіч пачаў скардзіцца, што ўжо год беспаспяхова спрабуе атрымаць з прадпрыемстваў ЖКГ пратэрмінаваныя выплаты на суму 1,5 мільёна долараў.

«Неплацяжы ў будаўнічай галіне перавышаюць 30–40 % ад усіх плацяжоў. Таму зразумела, што людзі ідуць на ўсялякія хітрыкі, каб хоць неяк нешта выбіць для сябе», – тлумачыць Віктар Маргелаў, сустаршыня Канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

Сябры Лукашэнкі доўга не сядзяць

Заклапочанасць дзелавой супольнасці выклікае таксама выбарачны падыход. Калі на эканамічных злачынствах трапляюцца бізнесоўцы з блізкага кола Лукашэнкі, як гэта было ў справе Юрыя Чыжа ці сенатаркі-бізнесоўкі Ганны Шарэйкі, стаўленне – адно.

«Плаціце, што скралі ў дзяржавы, ды ідзіце працаваць. І дзе яны цяпер – працуюць», – выказваўся кіраўнік Беларусі пра набліжаных.

У выпадку ж Кныровіча, які, у адрозненне ад вышэй згаданых камерсантаў, выступаў за рэформы ў інтарэсах усёй бізнес-супольнасці, Лукашэнка, практычна, абвясціў вырак не толькі да суду, але і да фармальнага следства паводле факту затрымання.

«Злодзей мусіць сядзець у турме. Вось такую рэзалюцыю толькі што я наклаў на справаздачу старшыні Дзяржбяспекі», – рэзка змяніў рыторыку Лукашэнка.

Прадстаўнікі бізнес-супольнасці канстатуюць: якія б ні былі адметнасці індывідуальных справаў, сумленнай працы бізнесу ў нашай краіне перашкаджаюць сістэмныя хібы.

«Барацьба вядзецца. Карупцыянеры не падтрымліваюцца, па галоўцы не гладзяцца. Але ў кожнай краіне карупцыя спецыфічна праяўляецца. Калі дамінуе манапалізм, няма канкурэнцыі, у тэндарах ёсць свае і чужыя…», – тлумачыць Уладзімір Карагін, старшыня Канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

У адказ на гэтую крытыку Аляксандр Лукашэнка пайшоў на беспрэцэдэнтны крок

Стварыў 13 студзеня працоўную групу для палягчэння ўмоваў працы бізнесу і ачоліў яе асабіста. Праўда, на першае спатканне групы, якое прайшло ў адміністрацыі Лукашэнкі, сам кіраўнік краіны не прыйшоў. Удзельнік сустрэчы Віктар Маргелаў распавёў, што сёння абмяркоўвалі толькі фармат, у якім будуць ісці далейшыя абмеркаванні.

«Прэзідэнт паставіў задачу знізіць прысутнасць кантралёраў на прадпрымальніцкіх аб’ектах. Максімальна спрасціць уваход у бізнес. І максімальна спрасціць тэхнічныя нормы», – падзяліўся Віктар Маргелаў.

Працу над канкрэтнымі пытаннямі дамовіліся працягнуць у падгрупах

На наступную сустрэчу абяцалі, што Лукашэнка ўжо прыйдзе. Пры гэтым прадстаўнікі дзелавой супольнасці адзначаюць: хоць прагрэс у пастаўленых задачах – надзвычай важны, парадак у эканоміцы можна будзе навесці толькі тады, калі дзяржава сама перастане парушаць кантракты, якія падпісвае з бізнесам, а суды пачнуць караць і мілаваць за эканамічныя злачынствы ў залежнасці ад ступені віны, а не блізкасці да кіраўніка краіны.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары