Лукашэнка пахваліў міліцыянтаў, якія разганяюць мітынгі


Супу на камеру паеў, повара накарміў, пра пасяўную пагаварыў. Ну і пахваліць нікога, вядома ж, не забыў. Аляксандр Лукашэнка наведаў вайсковую частку № 5448 напярэдадні афіцыйнага 100-годдзя з дня ўтварэння ўнутраных войскаў МУС.

«Гэта войскі, якія ў мірны час выконваюць функцыі па навядзенні ўнутранага парадку ў нашай краіне. Гэта войскі ў практычна пастаяннай баявой гатоўнасці – як памежнікі, дый у войску ёсць гэткія падраздзяленні. Гэта вельмі ганаровая служба!», – зазначыў Лукашэнка.

Між тым навядзенне ўнутранага парадку ў Беларусі на справе азначае найперш разгон мірных дэманстрацыяў. А таму наўрад ці ганаровай службу ўнутраных войскаў МУС, ці іншымі словамі – міліцэйскага спецназу, лічаць удзельнікі тых дэманстрацыяў. Зрэшты, заўважае былы следчы і праваабаронца Алег Волчак, і ў астатніх грамадзянаў для любові да міліцыі прычынаў не шмат.

«То там злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, то там збіццё – натуральна, што ў людзей назапашваецца меркаванне, што міліцыя стала гэткім ворганам небяспечным. І многія не звяртаюцца, бо часцяком атрымліваюць адмовы. І ў выніку, людзі робяць выснову, што лепш паменей дачыняцца з міліцыяй». – тлумачыць праваабаронца.

Імідж міліцыі – гвалт, ілжэсведчанні ды забойствы

Нельга не прыгадаць і шматлікія выпадкі брутальнага, неабгрунтаванага і, галоўнае, беспакаранага здзеку над простымі грамадзянамі, пра што неаднойчы распавядаў і «Белсат». І зусім нядаўні прыклад – тры гады калоніі для Святаслава Барановіча, які спрабаваў спыніць збіццё мірных суграмадзянаў невядомымі нападнікамі, якія пазней аказаліся пераапранутымі міліцыянтамі.

Між тым уласны імідж ваенізаваныя часткі міліцыі псуюць не толькі беспакараным збіццём і катаваннямі мірных грамадзянаў, а таксама ілжэсведчаннямі ў судах. У прыватнасці, экс-міністры ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава і Юрыя Сівакова, а таксама былы камандзір спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрый Паўлічэнка падазраюцца ў датычнасці да гучных палітычных выкраданняў і забойства ў 1999-м і 2000-м гадах.

І яшчэ адна рэмарка. За дату ўтварэння ўнутраных войскаў Беларусі ўзятае 18 сакавіка 1918 года, калі ў Віцебску на загад НКУС была сфармаваная асобная канвойная дружына. Незалежнай Беларусі тады не існавала.

Валеры Руселік, «Белсат»