Лукашэнка новым законам усіх прымусіць працаваць


Абноўлены дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, больш вядомы як дэкрэт «пра дармаедаў», мае зʼявцца да першага кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне прынамсі паўмільёна людзей не працуе. І толькі 200 тысячаў з іх можна вызваліць ад падатку – гэта шматдзетныя ці хворыя.

«Але 300 тысяч дзе? Таму дэкрэт № 3 – гэта 300 тысяч тых, хто павінен працаваць, але не працуе. І мы іх павінны прымусіць працаваць. Вось і ўся ідэалогія», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Гэтак званых «лістоў шчасця» – спавешчанняў з патрабаваннем сплаціць падатак – беларусам разаслалі сапраўды амаль паўмільёна.

Паводле Белстату, летась беспрацоўнымі сябе лічылі 5,8 % ад эканамічна актыўнага насельніцтва краіны, гэта каля 260 тысячаў чалавек.

Афіцыйных беспрацоўных усяго каля 40 тысяч

Людзі не хочуць рэгістравацца ў цэнтрах занятасці: каб атрымаць там дапамогу, трэба абавязкова ўдзельнічаць у гэтак званых «грамадска-карысных працах» і рэгулярна паведамляць чыноўнікам, як менавіта ты шукаеш працу. А сярэдняя дапамога на беспрацоўе складае ў эквіваленце менш за $ 15.

Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці разам з іншымі незалежнымі прафсаюзамі пачаў збіраць подпісы за павышэнне дзяржаўнай дапамогі беспрацоўным. Сёння да збору далучыліся актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

Збор подпісаў працягнецца да канца верасня

Актывісты маюць намер правесці яго і ў рэгіёнах. Між іншага, менавіта на мясцовыя ўлады ўскласці выкананне абноўленага дэкрэту прапаноўвае кіраўнік краіны.

Як іншы варыянт развязання «праблемы дармаедаў» урад прапаноўвае, каб тыя хто не працуюць, – цалкам аплачвалі паслугі, якія астатнім субсідуе дзяржава.

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: Tolochko Viktor / ITAR-TASS / Forum