Лукашэнка не павіншаваў Святлану Алексіевіч з Днём нараджэння


Свой 70-ты год нараджэння адзначае вядомая на ўвесь свет беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч адзначае на вёсцы. Выглядае, што Аляксандр Лукашэнка не павіншаваў нобэлеўскую лаўрэатку – у адрозненне ад суайчыннікаў вядомай аўтаркі.

«Яна такую вялікую працу правяла, яна сустрэлася з тысячамі людзей, яна сабрала гэтыя ўспаміны, якія самі плачуць па сабе. Я ганаруся і заўсёды ганарылася, што ў нас ёсць такая Святлана Алексіевіч», – кажа «Белсату» жыхарка Віцебску.

Яшчэ адная нашая суразмоўца дадае, што шкадуе, што Нобэля даюць толькі раз.

«Інакш я б зычыла яшчэ адну атрымаць», – кажа жанчына.

Святлана Алексіевіч, лаўрэатка мноства прэміяў за мяжой, не мае ніводнай адзнакі на радзіме.

У 2001-м аўтарку прэміяй Рэмарка, у 2006-м – Нацыянальнай прэміяй крытыкі ў ЗША, у 2013-м пісьменніца зрабілася лаўрэаткаю Міжнароднай прэміі свету нямецкіх гандляроў кнігамі.

«Яна стварыла летапіс практычна стагоддзя нашага жыцця. Хто апроч яе? Хто без яе? Яна дала слова людзям. Гэта рабіў мала хто», – кажа культуролаг і пісьменніца Юлія Чарняўская.

Уласна Алексіевіч сябе называе даследчыцаю чалавечае душы. У 2006-м Алексіевіч прызнавалася, што выхаваная на расейскай культуры.

«Яне магла б напісаць чарнобыльскую кнігу без Фёдарава, Дастаеўскага, Цыялкоўскага», – заяўляла Алексіевіч.

Аднак, без сумневаў, ёсць і застанецца беларускаю пісьменніцаю.

«Яе пачатак – у Алесю Адамовічу. Яе пачатак – у Васілю Быкаве. У беларускай літаратуры яна не магла не з’явіцца – як працягвальніца ідэі Алеся Адамовіча з ягонаю звышлітаратураю», – кажа журналіст і літаратар Сяргей Дубавец.

Цытуючы аўтарку, тое, што яна робіць, – «гэта аўтабіяграфія ўтопіі», напісаная ў жанры «раману галасоў».

«Мы жывем у вельмі хуткім часе, і чалавек не паспявае ў гэтым часе сам за сабою. І толькі стварыўшы такі калектыўны партрэт, нам удаецца хаця б часткова даць выяву часу», – казала Алексіевіч пяць гадоў таму.

Які драматычна прачытваецца ў творах «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» ды іншых. Над перакладам на беларускую мову апошняга, «Час сэканд-хэнд», працаваў крытык Ціхан Чарнякевіч.

«Ёй галоўнае, каб сама кніга гучала меладычна. Каб не было падрадковага перакладу. Каб не было афіцыйнага ці калькаванага, штампаванага слова – яна гэтага вельмі не любіць», – кажа літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч.

Не толькі дасканаласцю слова напісанага, але і пазіцыяй. Святлана Алексіевіч вядомая крытыкай Аляксандра Лукашэнкі і ягоных пастановаў – напрыклад, будаўніцтва Астравецкай АЭС.

«Дыктатура маленькага чалавека – гэта самае жахлівае, што адбываецца сёння, асабліва ў нашай краіне», – казала Алексіевіч у 2004-м.

«Урок Чарнобылю не прачытаны», – казала яна ў 2007-м.

Уласна праз гэта імя аўтаркі амаль немагчыма сустрэць у праўладных медыях. Нобэлеўскую лекцыю Алексіевіч не паказаў ніводзін дзяржаўны тэлеканал. Дый віншаванні пісьменніца спачатку атрымала ад лідараў Нямеччыны і Францыі ды толькі пасля – ад Лукашэнкі.

У кастрычніку 2015-га Шведская каралеўская акадэмія навук адзначыла Святлану Алексіевіч «за шматгалосае гучанне ейнае прозы ды ўвекавечанне пакуты і мужнасці».

«Да Алексіевіч пра нас ведалі – «Лукашэнка», «бульба», чамусьці памятаюць яшчэ «зайчыкаў», грошыкі і нешта яшчэ. Цяпер Святлану ведае ўвесь свет. І нас ведае ўвесь свет. Мы мусім неяк, прынамсі, перастаць вышукваць у ёй нейкія недахопы. Будзем удзячныя», – дадае Юлія Чарняўская.

Цяпер пісьменніца працуе над новымі кнігамі – пра каханне, старасць і смерць.

Лола Бурыева; фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum