Аб'ектыў 19.06.2018 Лукашэнка і Пуцін працягваюць будаваць неіснуючую дзяржаву


Адны і тыя ж заявы, з тымі ж стандартнымі фармулёўкамі. За апошнія 10 гадоў у рамках Вышэйшага Савету гэтак званай Саюзнае Дзяржавы не адбылося нічога, пра што варта было б распавесці асобна. Ігар Кулей разбіраўся, чаму так атрымоўваецца з году ў год.

Гэта першы візіт Уладзіміра Пуціна ў якасці пераабранага прэзідэнта Расеі ў Беларусь. Нагодай для падарожжа сталася паседжанне Вышэйшага Савету Саюзнае дзяржавы (СД), на якое акрамя Пуціна завітала і ўся вярхушка расейскага ўладнага Алімпу.

«Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч, нягледзячы на нялёгкія (у чаканні) часы, тым не менш служба ёсць служба. І згодна з нашай дамоўленасцю яшчэ да выбараў, мы праводзім паседжанне СД. Мы гатовыя да правядзення сустрэчы. Прапрацаваная павестка дня, толькі тры пытанні трэба абмеркаваць, астатнія прымем без абмеркавання», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Сёлета, у адрозненні ад папярэдніх сустрэчаў, галоўныя праблемы ў двухбаковых дачыненнях удалося зняць яшчэ да паседжання. Дамова аб пастаўках вуглевадародаў закрыла пытанне да 2020 года, а на мінулым тыдні залагодзілі непаразуменне і па экспарце малака. А таму тэмаў засталося няшмат – агульная вонкавая палітыка на бліжэйшыя гады ды перспектывы развіцця саюзу.

«Усе разумеюць што няма ніякая Саюзнай дзяржавы, усе разумеюць, што няма ніякіх крокаў па яе стварэнні. Як толькі Расея кажа, што можна было б нешта ў гэтым кірунку зрабіць, адразу ж атрымлівае адпор з Беларусі. Таму перш за ўсё гэта ідэалагічная структура», – мяркуе палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў.

Ідэалагічная структура да таго ж нятанна каштуе. $ 112 млн, менавіта такую суму складае бюджэт Саюзнае дзяржавы Беларусі і Расеі. З чаго 28 мільёнаў гэта грошы беларускіх падаткаплатнікаў. Для параўнання: гэта ў 4 разы больш за выдаткі Беларусі на жыллёва-камунальную гаспадарку. І калі падтрыманне ЖКГ дае зразумелую карысць, то эфекты ад выдаткаў на Саюзную дзяржаву прыходзіцца шукаць днём і з полымем.

«Мы павінныя стварыць адзіную эканамічную прастору, і на паперы мы яе, нібыта, ужо ўтварылі. Але кожны раз мы яе ствараем па новай, і так з пачатку 2000-х, і зноў гэтай прасторы няма. Існуе маса выключэнняў», – адзначае эканаміст Леанід Злотнікаў.

20 гадоў таму кіраўнікі двух краінаў падпісалі Дэкларацыю, якая ўраўняла ў правах грамадзянаў Расеі і Беларусі, а таксама стварыла роўныя ўмовы для прадпрыемстваў. З таго часу, цягам двух дзесяцігоддзяў не адбылося нічога, што б значным чынам адбілася на дабрабыце, або самаідэнтыфікацыі народаў у якасці жыхароў Саюзнае дзяржавы. Не дапамагаюць нават $ 13 млн, якія штогод ідуць з бюджэту Саюзнае дзяржавы на ўласныя сродкі масавай інфармацыі: шмат хто не ведае ні пра вынікі, ні нават пра сам Саюз. Гэта пацвердзіла нашае апытанне жыхароў Тальяці.

Кожны год дзясяткі мільёнаў долараў ідуць і на падтрыманне розных сумесных праграмаў, але апытаныя намі расейцы не чулі ні пра адзін з іх.

«Абодва бакі не могуць прызнаць, што іх нацыянальныя інтарэсы абсалютна супрацьлеглыя. І робяць добрую міну пры кепскай гульні – кажуць, што СД застаецца, але пры гэтым нічога не робяць, каб яна сапраўды спраўдзілася», – працягвае Віталь Цыганкоў.

Саюзная дзяржава за гэтыя 22 гады пераўтварылася ў палітычны рытуал: раз на год кіраўнікі двух краінаў сустракаюцца і абяцаюць будаваць тое, што ніводнаму з іх будаваць ужо не цікава.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Глядзі таксама
Каментары